Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс  

Арцыбіскуп Фернандэс: патрэбна тэалогія, якая сталее і расце

Без дыялогу з культурай мы рызыкуем, што наша пасланне, якім бы вялікім яно ні было, стане неактуальным, - лічыць новы прэфект Дыкастэрыі веравучэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Неабходна абвяшчаць Евангелле, заўсёды імкнучыся лепш паказаць усю яго прыгажосць і прывабнасць, не скажаючы яго мірскімі крытэрыямі, кожны раз знаходзячы пункт судакранання, які дазваляе яму быць сапраўды значным, красамоўным, каштоўным для слухача, - адзначыў арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс у інтэрв’ю Андрэа Тарніелі, галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада.

Іерарх спаслаўся на ліст Святога Айца, які ён атрымаў разам з прызначэннем на кіраўніка, як многія лічаць, самай важнай дыкастэрыі Рымскай курыі. “Ліст змяшчае прынамсі шэсць моцных пунктаў для разважання, але я ўспрымаю яго як папярэдняе тлумачэнне таго, як трэба прымяняць апостальскую канстытуцыю Praedicate Evangelium. Ён заклікае да тэалогіі, якая сталее, якая расце, якая паглыбляецца ў дыялогу паміж тэолагамі і ў размове з навукай і грамадствам. Але ўсё гэта ў служэнні евангелізацыі. Змяшчэнне гэтай Дыкастэрыі пасля Дыкастэрыі па евангелізацыі ўжо перадало такое пасланне, але ліст Францішка робіць яго больш выразным. Тое, што ён абраў прэфектам тэолага, які адначасова быў пробашчам, пацвярджае гэта яшчэ раз”, - падзяліўся меркаваннем Фернандэс.

Фундаментальным заданнем Дыкастэрыі веравучэння заўсёды была абарона ад імя Наступніка Пятра веры, перададзенай Касцёлу праз апосталаў. Новапрызначаны прэфект патлумачыў, як ён сёння разумее гэтую задачу. “Францішак паказвае, што слова ахоўваць мае багаты сэнс. Яно, вядома, не выключае пільнасці, але таксама азначае, што мы ахоўваем веравучэнне, перш за ўсё, шляхам росту ў нашым яго разуменні. Нават сітуацыя, у якой даводзіцца мець справу з магчымай ерассю, павінна прывесці да новага тэалагічнага развіцця, спрыяючы паспяванню нашага разумення дактрыны, і гэта лепшы спосаб аховы веры. Калі янсенізм, напрыклад, змог праіснаваць так доўга, то гэта таму, што было толькі асуджэнне, не існавала рэакцыя на некаторыя законныя намеры, якія маглі стаяць за памылкамі, і не было належнага тэалагічнага развіцця з цягам часу", - патлумачыў аргенцінскі іерарх.
 

10 ліпеня 2023, 10:14