Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Грэк: Сінода без біскупа не бывае

“Сінод застанецца Сінодам Біскупаў”, - гарантаваў кардынал Марыё Грэк на прэзентацыі спіса ўдзельнікаў XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 года і ў кастрычніку 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сінода без біскупа не бывае, таму што біскупы маюць асноватворнае служэнне, менавіта іх Пан паставіў у Касцёле, каб яны вялі даручаны ім народ", - адзначыў кіраўнік Генеральнага сакратарыята Сінода, адказваючы на пытанне журналістаў аб магчымым правядзенні ў будучыні Сінода народа Божага, арыентаванага на большую прысутнасць і ўдзел свецкіх вернікаў.

“Нават кантынентальныя сустрэчы былі сінадальнымі асамблеямі, - адзначыў кардынал. - Калі будзе іншы сінадальны досвед, то Дух Святы скажа пра гэта. Няхай Дух працягвае асвятляць Касцёл. Усё пачынаецца з хросту, як мы чытаем у Instrumentum laboris, затым ідуць розныя служэнні на службе Касцёла”.

“Сінод – гэта працэс, які пачаўся ў 2021 годзе знізу”, - нагадаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сінода, падкрэсліваючы, што “адзінства і разнастайнасць Касцёла як сям’і вынікае з кантынентальных сходаў. Сінод – гэта вельмі важны момант для Касцёла, мэта якога – стварэнне гармоніі, а не палярызацыі”.

Сінод, скліканы Францішкам на тэму: Да Касцёла сінадальнага – камунія, удзел і місія, пройдзе ў дзве асамблеі: першая – з 4 па 29 кастрычніка 2023 года, другая ў 2024 годзе, абедзве ў Ватыкане. Іх удзельнікі абмяркуюць вынікі глабальнага кансультацыйнага працэсу.

Упершыню па рашэнні Папы сярод больш чым 360 удзельнікаў кастрычніцкай асамблеі аж чвэрць будуць не-біскупы: святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Упершыню ў гісторыі сярод іх аказаліся жанчыны. Іх будзе 52 – 14 працэнтаў выбаршчыкаў.

Высновы і прапановы Сінода не з'яўляюцца абавязковымі, яны служаць дарадчым голасам для Пантыфіка.
 

11 ліпеня 2023, 10:45