Кардынал Паралін: дыялог з Пекінам працягваецца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Дыялог з Кітаем працягваецца, але патрабуе вялікага цярпення – з абодвух бакоў”, - сказаў кардынал П’етра Паралін. Ён патлумачыў, што жаданнем Папы з’яўляецца магчымасць у дыялогу з Пекінам вырашаць розныя выклікі, звязаныя з прысутнасцю Каталіцкага Касцёла ў Кітаі. Важна вырашаць гэтыя пытанні разам, і рэгулярныя сустрэчы дэлегацый з абодвух бакоў служаць гэтай мэце.
У 2022 годзе Святы Пасад падоўжыў на два гады часовае пагадненне з Пекінам, якое дзейнічала з 2018 года. Сакрэтны дакумент рэгулюе прызначэнне біскупаў па ўзаемнай згодзе. Многія яго крытыкавалі.
Падпісанне дакумента стала пэўным крокам наперад, бо раней не было магчымасці супрацоўніцтва, - падкрэсліў кардынал Паралін. Ён адзначыў, што цяпер гэта магчыма прынамсі ў частцы прызначэння біскупаў, хоць пагадненне не вырашае ўсіх пытанняў, звязаных з гэтым.
Акрамя таго, існуюць іншыя праблемы, якія “па-ранейшаму патрабуюць шмат дыялогу і ўзаемнага даверу, якія яшчэ павінны развівацца”, - канстатаваў Дзяржсакратар Яго Святасці.