Паралін: біскуп аддае сваё жыццё за статак і не ўцякае ад ваўкоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй гаміліі падчас Святой Імшы, якая прайшла ў ватыканскай базіліцы 15 ліпеня 2023 года, кардынал Дзяржсакратар закрануў ключавое пытанне, якое тычыцца ролі біскупа, нагадаўшы, у прыватнасці, пра абавязкі "несці Добрую Навіну бедным" і "гаіць раны разбітых сэрцаў".
Біскуп папярэджвае супольнасць аб небяспецы
Біскуп – гэта "знак Хрыста", - патлумачыў кардынал Паралін, нагадаўшы словы Францішка, сказаныя падчас яго апостальскага падарожжа ў Канаду, аб тым, што апостал Пётр заклікае біскупаў клапаціцца пра статак, накіроўваць яго, не дазваляць яму збівацца са шляху, апекавацца ім з адданасцю і пяшчотай. Біскуп нагадвае добрага вартавога, які, узіраючыся ў гарызонт, папярэджвае супольнасць аб любой магчымай небяспецы. Ён нагадвае вартавога, які "ў слуханні Слова Божага, у малітве, у здзяйсненні сакрамэнтаў, у пакоры і міласэрнасці, дэманструе дзейсны спосаб пераадолення любых перашкод і захавання братэрскай згуртаванасці і жывой надзеі", - адзначыў іерарх.
Добры Пастыр
Па словах кардынала Параліна, біскуп пакліканы звярнуць свой позірк да "Сэрца Езуса, якое ззяе бясконцай любоўю", да Добрага Пастыра, "гатовага аддаць сваё жыццё за статак" і "не ўцякаць ад ваўкоў". Ён дадаў, што біскуп закліканы заўсёды памятаць пра "гэта Сэрца, якое ззяе і выпраменьвае міласэрнасць", пра гэту "крыніцу міласэрнасці", якая нікога не адхіляе і прапануе кожнаму "радаснае абвяшчэнне сапраўднага збаўлення".
Папскі пасланнік
Дзяржсакратар нагадаў пра канкрэтную задачу, ускладзеную на мансеньёра Перычы: "данесці словы Папы да Касцёлаў і ўрадаў" дзяржаў, у якія ён накіроўваецца. У той жа час ён павінен быць "нястомным міратворцам у гэтым свеце, ахопленым крывавымі войнамі і канфліктамі", садзейнічаць абароне "асноўных правоў чалавека, якім часта пагражаюць ідэалогіі, якія выкарыстоўваюць іх у сваіх мэтах і маніпулююць імі". Нарэшце, ён павінен быць "сапраўдным мостам, здольным данесці патрэбы, праблемы, надзеі і страхі асобных памесных Цэркваў Паўсюднага Касцёла, дапамагаючы ім усвядоміць бацькоўскі клопат пераемніка апостала Пятра".
Арцыбіскуп Перычы паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасада 1 ліпеня 2001 года і служыў у апостальскіх нунцыятурах такіх краін, як Ангола, Бразілія, Гаіці, Іспанія, Мальта, Мексіка, Партугалія і Швецыя. 5 чэрвеня 2023 года ён быў прызначаны Папам апостальскім нунцыем у Замбіі і Малаві.