Паралін: вайна можа адрадзіць настальгію па таталітарызму
Марыя Валодзіна - Vatican News
23 ліпеня 2023 года ў кляштары Камальдолі прайшлі ўрачыстасці з нагоды васьмідзесяцігоддзя падпісання кодэкса Камальдолі, дакумента у сферы эканамічнай палітыкі, які грунтуецца на прынцыпах сацыяльнага вучэння Касцёла. У 1943 годзе кодэкс падпісалі інтэлектуалы, свецкія дзеячы і каталіцкія манахі. У ім апісваюцца грамадскія праблемы, ўзаемаадносіны паміж чалавекам і дзяржавай, агульным дабром і індывідуальнай свабодай. І хоць сёння, па словах Дзяржаўнага сакратара, назіраецца зусім іншая геапалітычная сітуацыя, страх перад нечаканай вайной у сэрцы Еўропы настолькі моцны, што, "здаецца, хоча адрадзіць жудасную настальгію па таталітарызму".
Божая cвятасць там, дзе смерць, нікчэмнасць, зло
У сваёй гаміліі кардынал Паралін засяродзіў увагу на трох евангельскіх прыпавесцях пра Божае Валадарства (Мц 13): пра гарчычнае зерне, каласоўнік і закваску. Па яго словах, прыпавесці вучаць нас таму, што "святасць Бога ў тым, каб прысутнічаць там, дзе ёсць смерць, нікчэмнасць, зло". Царства Нябеснае "змяшана" з нашым асабістым досведам і гісторыяй. Прыпавесці настойваюць на неабходнасці быць праніклівымі, адрозніваць розныя рэальнасці і ўмець чакаць. Гэта прастора веры, якая з'яўляецца ўмовай гісторыі, - лічыць іерарх.
Супрацьстаяць злу верай
Па словах кардынала Параліна, перад вернікам паўстае двайная праблема: супрацьстаяць злу і ўпарта трымацца веры, не шукаючы зручных абыходных шляхоў. "Богу патрэбны не той, хто абараняе або апраўдвае Яго, а той, хто верыць у таемную мудрасць Яго Слова", - адзначыў ён.
Узгадваючы гістарычныя падзеі, якія адбыліся пасля падпісання кодэкса Камальдолі ў ліпені 1943 года, а менавіта фашызм і вайну, кардынал Паралін адзначыў, што зло ў сэрцы Еўропы “пакрыла нашу краіну густой цемрай і пранікла ў нас саміх”. Дзяржсакратар лічыць, што сёння мы павінны разглядаць кодэкс Камальдолі як карысны ўрок.
На думку кардынала, цяперашні антрапалагічны паварот рызыкуе “паставіць пад сумнеў саму веру”. Ён заклікаў увесь народ Божы павялічыць колькасць сустрэч, ініцыятыў, навучальных праграм, магчымасцяў для разважання не толькі на грамадзянскія і сацыяльныя тэмы, але і на тэму веры. Адной з такіх падзей стане Сінод Біскупаў з удзелам свецкіх вернікаў.
Сведчанне хрысціян у дэмакратычным жыцці
Кардынал Паралін перакананы, што для ўдзелу ў дэмакратычным развіцці грамадзянскай супольнасці і інстытутаў патрэбныя хрысціяне, якія ўсведамляюць сваю веру і сведчаць яе ва ўсіх сферах сумеснага жыцця сваімі паводзінамі і каштоўнасцямі. Ён перасцерог ад індывідуалізму, які вяртае людзям не жаданую свабоду і шчасце, а “спажыванне самога сябе”.
Напрыканцы гаміліі, вяртаючыся да прыпавесцяў, кардынал Паралін падкрэсліў, што Валадарства Божае непрыкметна расце ў гісторыі чалавецтва, там, дзе жыве імкненне да поўнай чалавечай годнасці, там, дзе жыве любоў да свабоды асобных людзей і народаў з дапамогай права і справядлівасці, там, дзе жыве спачуванне да іншых, якое з'яўляецца настальгіяй па Богу”.