Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін  

Кардынал Паралін распачаў падарожжа на Каўказ

З 8 па 11 ліпеня 2023 года праходзіць візіт дэлегацыі Святога Пасада на чале з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці ў Азербайджан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У яго рамках адбудуцца сустрэчы кардынала П’етра Параліна з афіцыйнымі асобамі каўказскай краіны, а таксама прадстаўнікамі рэлігійных супольнасцей, - паведаміла мясцовае агенцтва Trend.

У мінулым годзе споўнілася 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Азербайджанам і Святым Пасадам. У 2021 годзе Азербайджан адкрыў пасольства пры Святым Пасадзе, што дало новы імпульс далейшаму ўмацаванню і пашырэнню супрацоўніцтва і сувязей паміж двума бакамі. Афіцыйныя візіты прэзідэнта Ільхама Аліева і першай лэдзі Мехрыбан Аліевай у Ватыкан, а таксама візіт Папы Францішка ў Азербайджан паспрыялі далейшаму паглыбленню гэтага дыялога, - адзначае Trend. Падкрэсліваеццаважнасць культурнага супрацоўніцтва паміж двума бакамі.

Пра будучы візіт у Арменію кардынала П’етра Параліна вялася размова 6 ліпеня 2023 года на сустрэчы паміж прэм'ер-міністрам Ніколам Пашынянам і апостальскім нунцыем у краіне, арцыбіскупам Жазэ Авеліна Бетанкурам, - паведаміла афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва Арменпрэс.

Прэм'ер-міністр высока ацаніў супрацоўніцтва паміж урадам Арменіі і Святым Пасадам і адзначыў, што армянскі бок зацікаўлены ў паслядоўным развіцці і ўмацаванні сувязей з Святым Пасадам на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей і культурнай спадчыны. Бакі падкрэслілі неабходнасць арганізацыі ўзаемных візітаў высокага ўзроўню паміж Арменіяй і Святым Пасадам. Суразмоўцы таксама абмяняліся думкамі па розных пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

08 ліпеня 2023, 11:24