Спаведнік, які просіць Езуса дараваць за тое, што шмат даруе
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна / Vatican News
На думку Андрэа Тарніелі, пажылы францішканскі манах, чыё імя стаіць у спісе новых кардыналаў на апошнім месцы, займае не апошняе месца ў сэрцы Святога Айца. Папа шмат разоў узгадваў яго: прыводзіў у прыклад падчас сустрэч са святарамі, у гаміліях і прамовах, а таксама ў кнізе-інтэрв'ю Імя Бога – Міласэрнасць. У лютым 2017 года Пантыфік уручыў у дар рымскім парафіяльным святарам біяграфію ксяндза Дры Не бойцеся дараваць.
Распавядаючы пра сваю сустрэчу з капуцынам, Папа ўзгадваў, што аднойчы ў Буэнас-Айрэсе той падзяліўся з ім сумненнямі, ці не занадта шмат ён даруе падчас споведзі. На пытанне аб тым, што ён робіць, калі адчувае гэтыя сумневы, спаведнік адказаў, што моліцца перад табернакулюмам, просячы Езуса дараваць яму тое, што ён дараваў занадта шмат: “Але гэта Ты падаў мне дрэнны прыклад!” Гэтыя словы вельмі ўразілі Францішка.
Сем гадоў таму, падчас наведвання санктуарыя Маці Божай Пампейскай у Буэнас-Айрэсе, Андрэа Тарніелі асабіста пазнаёміўся з ксяндзом Дры. Аргенцінскі капуцын узгадаў сустрэчу з кардыналам Берголіа, які казаў яму: "Даруй, даруй, трэба дараваць". “Ён ведаў, што я спавядаю шмат гадзін, раніцай і ўвечары. Неаднойчы ён раіў святарам прыйсці і пагаварыць са мной”, - узгадваў спаведнік, дзякуючы Францішку за давер, якога ён, на яго думку, “не заслугоўвае”, таму што мала вучыўся, не мае доктарскай ступені. “Але жыццё шмат чаму навучыла мяне, жыццё пазначыла мяне, і, паколькі я нарадзіўся вельмі бедным, мне здаецца, што я заўсёды павінен несці словы міласэрнасці, дапамогі, блізкасці ўсім, хто прыходзіць сюды”, - казаў ксёндз Дры, дадаючы, што такому стаўленню да людзей ён навучыўся ў святога Леапольда Мандзіча і святога Піа з П’етрэльчыны.