Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: мы падзяляем жаданне сям'і Арландзі знайсці ісціну

Адказваючы на пытанні журналістаў адносна расследавання справы аб знікненні Эмануэлы Арландзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні падкрэсліў агульнае жаданне знайсці ісціну.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Офіс прамотара справядлівасці “актыўна супрацоўнічае з кампетэнтнымі органамі ўлады Італіі” у сувязі з расследаваннем справы аб знікненні Эмануэлы Арландзі, - адзначыў 12 ліпеня 2023 года Матэа Бруні.

Ён нагадаў, што 19 красавіка 2023 года Святы Пасад перадаў італьянскім уладам усю наяўную дакументацыю па справе Арландзі, у тым ліку сабраную ў папярэднія месяцы ў ходзе следства.

Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што "Святы Пасад падзяляе жаданне сям'і ўстанавіць ісціну пра факты і спадзяецца, што ўсе гіпотэзы расследавання будуць разгледжаны". Што тычыцца паведамленняў пра сваяка Эмануэлы Арландзі, якія з’явіліся ў сродках масавай інфармацыі, Матэа Бруні заявіў, "што адпаведная карэспандэнцыя сведчыць аб адсутнасці парушэння таямніцы споведзі".

Нагадаем, што дачка ватыканскага супрацоўніка Эмануэла Арландзі знікла без вестак у чэрвені 1983 года ва ўзросце 15 гадоў. Яе цела да гэтага часу не знойдзена. У студзені 2023 года ў адказ на просьбы сям’і прамотар справядлівасці Дзяржавы Ватыкан Алесандра Дзідзі аднавіў расследаванне па справе аб знікненні дзяўчыны.

13 ліпеня 2023, 11:29