Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Кардынал Краеўскі: Папа ў Фаціме нагадвае пра моц малітвы

Наймагутнейшая зброя верніка – гэта малітва. Менавіта таму Святы Айцец паехаў у Фаціму, каб прасіць аб міры для Украіны і ўсяго свету, - адзначыў кардынал Конрад Краеўскі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні згадаў у каментары для Vatican News, што ў 2022 годзе ад імя Святога Айца наведаў фацімскі санктуарый, каб адтуль далучыцца да чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, які Пантыфік асабіста здзейсніў у ватыканскай базіліцы.

Паводле кардынала Краеўскага, Францішак хоча сказаць усім, што малітва мае моц, калі мы па-сапраўднаму маем веру. “Ён верыць, што найбольшай, наймацнейшай, наймагутнейшай зброяй вернікаў з’яўляецца малітва. Таму ён адправіўся туды, каб асабіста папрасіць Маці Божую, каб скончылася гэтая надзвычай знішчальная для абодвух народаў вайна, якая з’яўляецца таксама пагрозай для Еўропы і міру ў свеце”, - дадаў ватыканскі іерарх.
 

05 жніўня 2023, 14:23