Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Kadmy - stock.adobe.com)

Святы Пасад: забарона ядзернай зброі – маральны імператыў

Пра тэрміновае заданне не дапусціць ядзернай вайны нагадаў Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (AБСЕ).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Праз амаль 80 гадоў пасля Хірасімы і Нагасакі і 60 гадоў пасля кубінскага ракетнага крызісу, мы яшчэ не зразумелі ўрок, цудоўна апісаны ў энцыкліцы Яна ХХІІІ Pacem in terris – “ядзерная зброя павінна быць забаронена”, - сказаў мансеньёр Януш Урбанчык падчас сустрэчы, прысвечанай падрыхтоўцы да Канферэнцыі па пераглядзе частак Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Форум адбудзецца ў 2026 годзе.

Дыпламат Святога Пасаду нагадаў словы Францішка пра амаральнасць валодання ядзернымі ўзбраеннямі і неабходнасць умацавання ўзаемнага даверу ў міжнароднай супольнасці праз дыялог, у якім бакі павінны кіравацца агульным дабром, а не абаронай вузкіх інтарэсаў.

Мансеньёр Урбанчык звярнуў увагу на магчымыя катастрафічныя наступствы выкарыстання ядзернай зброі; на выдаткаванне вялізарных фінансавых рэсурсаў на яе мадэрнізацыю і абслугоўванне, якія могуць быць накіраваны на мірныя мэты, развіццё і інтэгральную бяспеку.

Валоданне ядзернымі ўзбраеннямі стварае атмасферу страху і недаверу і нясе рызыку пераходу канвенцыянальных узброеных канфліктаў у канфлікты з выкарыстаннем ядзернай зброі. Прадстаўнік Папы заўважыў, што выпрабаванні такіх узбраенняў забруджваюць навакольнае асяроддзе і робяць вялікія тэрыторыі непрыдатнымі для жыцця на тысячы гадоў. Таму імкненне да ядзернага раззбраення з’яўляецца выклікам, маральным і гуманітарным імператывам і патрабуе этыкі салідарнасці, - падкрэсліў мансеньёр Януш Урбанчык.
 

12 жніўня 2023, 12:11