Камісія па абароне непаўналетніх рыхтуе першую справаздачу
Марыя Валодзіна - Vatican News
На адкрыцці пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх прагучалі сведчанні Антоніі Сабоцкі і Мэгі Мэц'юз – прадстаўніц арганізацыі LOUDfence, якая працуе ў падтрымку ахвяр злоўжыванняў. 21 верасня 2023 года адбылася іх сустрэча з Францішкам у Доме святой Марты. Пантыфік назваў дзейнасць праваабаронцаў "знакам надзеі".
Першы дзень пленарнага пасяджэння камісіі быў цалкам прысвечаны абмеркаванню палітыкі і працэдур абароны непаўналетніх у Касцёле. Камісія прыняла праект першай гадавой справаздачы, які будзе абнародаваны на яе сайце напрыканцы верасня 2023 года. Чакаецца, што канчатковая версія справаздачы будзе апублікаваная вясной 2024 года. Акрамя таго, камісія разгледзела становішча спраў у галіне пагадненняў аб супрацоўніцтве з Рымскай курыяй, а таксама сустрэлася з кіраўніцтвам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Былі разгледжаны планы пашырэння праграмы па абароне непаўналетніх у мясцовых Касцёлах, а таксама дасягнута дамоўленасць з некаторымі ахвярадаўцамі аб вылучэнні 2,5 мільёнаў долараў на фінансаванне гэтай дзейнасці ў Касцёлах з абмежаванымі рэсурсамі. Механізм фінансавай адказнасці за выкарыстанне гэтых сродкаў апублікаваны на сайце камісіі.
Асамблея заслухала справаздачы рэгіянальных груп аб дасягнутым прагрэсе, з асаблівай увагай да патрэб Афрыкі. Жаданне рэалізаваць праграму выказалі дваццаць мясцовых Касцёлаў. Падчас пленарнага пасяджэння старшыня камісіі кардынал Шон Патрык О'Мэлі падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з Касцёлам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. Аналагічны мемарандум быў падпісаны з Руандай у маі 2023 года.
Нарэшце, было вырашана падоўжыць на 2024 год глабальную кансультацыйную кампанію з мэтай распрацоўкі абноўленых кіруючых прынцыпаў у сферы абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб у Касцёле.