Пошук

Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя  (Vatican Media)

Каталіцкія медустановы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

6 верасня 2023 года ў Ватыкане было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж чатырма каталіцкімі медыцынскімі і навукова-даследчымі ўстановамі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Педыятрычная клініка Bambino Gesù, паліклініка імя Агасціна Джэмелі, бальніца імя Джэмелі на востраве Тыберына і Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца аб’яднаюць намаганні з мэтай аказання лепшай медыцынскай дапамогі хворым, распаўсюджвання навукова абгрунтаваных і гуманных метадаў лячэння, а таксама прасоўвання "інавацыйных мадэляў" універсітэцкай адукацыі.

Падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні прайшло ў Дзяржаўным сакратарыяце ў прысутнасці кардынала П'етра Параліна, на думку якога ініцыятыва "ідэальна ўпісваецца” ў сферу дзейнасці Папскай камісіі па ахове здароўя і “добра інтэрпрэтуе” дух супрацоўніцтва паміж буйнымі каталіцкімі медыцынскімі ўстановамі. Іерарх пажадаў удзельнікам пагаднення, каб клінічная і навукова-даследчая дзейнасць “прынесла вынікі для забеспячэння найлепшага лячэння ўсіх людзей" і адначасова "прасоўвала эфектыўныя і інавацыйныя мадэлі ўніверсітэцкай адукацыі, якія б ішлі на карысць маладому пакаленню студэнтаў".

Пагадненне з’яўляецца адказам на заклік Папы, які прагучаў 13 красавіка 2023 года падчас аўдыенцыі з прадстаўнікамі італьянскай Рэлігійнай асацыяцыі сацыяльна-медыцынскіх інстытутаў (ARIS). Францішак заклікаў прадстаўнікоў касцёльнага сектару сферы аховы здароўя да "кампетэнтнага і празрыстага кіравання, здольнага спалучаць даследаванні, інавацыі, адданасць апошнім і агульнае бачанне", а таксама “набрацца смеласці, каб сабрацца разам і аб'яднацца, пазбягаючы духу канкурэнцыі, спалучаючы навыкі і рэсурсы і, магчыма, ствараючы новыя юрыдычныя асобы” для дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Партнёрства паміж чатырма ўстановамі будзе ажыццяўляцца шляхам правядзення "сумесных навукова-даследчых праектаў", "сінэргіі ў галіне аказання медыцынскай дапамогі", а таксама правядзення акадэмічных курсаў у супрацоўніцтве з Каталіцкім універсітэтам Найсвяцейшага Сэрца для павышэння клінічнай і навуковай кваліфікацыі студэнтаў, лекараў, медыцынскага персаналу і даследчыкаў.

06 верасня 2023, 12:56