Нунцый у ЗША: палярызацыя ўзнікае тады, калі забываюць пра людзей
Інтэрв’ю: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна / Vatican News
Арцыбіскуп Крыстаф П'ер стане адным з дваццаці аднаго іерарха, якія 30 верасня 2023 года будуць уведзеныя ў калегію кардыналаў. Іерарх нарадзіўся ў Францыі ў 1946 годзе, дзяцінства правёў у Афрыцы, вучыўся ў Рыме. З 1977 года служыць у дыпламатычным корпусе Святога Пасада. Працаваў у дзевяці краінах, быў апостальскім нунцыем на Гаіці, у Мексіцы, Угандзе. З 2016 года служыць папскім пасланнікам у ЗША.
На пытанне аб тым, як ён успрыняў прызначэнне, іерарх адказаў, што гэта “вялікі акт даверу” да яго з боку Святога Айца. "Нунцый – гэта чалавек, які прадстаўляе Святога Айца, але не проста як фармальны прадстаўнік. Ён павінен уступіць у дыялог паміж Святым Пасадам і мясцовым Касцёлам. Яго мэта – дапамагчы насельніцтву краіны лепш зразумець Святога Айца, мець магчымасць жыць у атмасферы дыялогу на карысць Касцёла", - адзначыў дыпламат, які стане трэцім кардыналам сярод апостальскіх нунцыяў.
Небяспека палярызацыі
Каментуючы нядаўнія словы Францішка пра рызыку палярызацыі Касцёла ў ЗША, арцыбіскуп П'ер заўважыў, што гэта з'ява тычыцца не толькі ЗША, але і ўсяго свету, асабліва ў палітыцы. "Палярызацыя ўзнікае таму, што чалавек лёгка забывае пра канкрэтную рэальнасць людзей. Калі хтосьці замыкаецца ў сабе або забывае пра людзей, пра канкрэтныя сітуацыі і засяроджваецца на ідэях, ён палярызуецца”, бо ўступае ў культурную вайну, - адзначыў іерарх, прыводзячы ў прыклад праблему міграцыі. На яго думку, “не існуе іншага выйсця, акрамя як вырашыць гэтую праблему”. Аднак, здаецца, што грамадства, у прыватнасці ў ЗША, аказалася няздольным яе вырашыць і палярызуецца вакол рашэнняў, якія ніколі не будуць рэалізаваныя на практыцы.
Цягам апошніх пяцідзесяці гадоў Касцёл у ЗША прыклаў надзвычайныя намаганні для абароны сапраўдных каштоўнасцяў, такіх як жыццё, барацьба з абортамі, дапамога бедным. Рызыка ў тым, што засяроджваючыся на каштоўнасцях, можна выпусціць з-пад увагі чалавека. “Мы заўсёды павінны абараняць жыццё канкрэтных людзей. І Касцёл гэта робіць", - сказаў арцыбіскуп П'ер, дадаючы, што “гэта не проста бітва ідэй, а абавязацельства, якое павінны ўзяць на сябе ўсе слаі грамадства і Касцёл”. "Гэта тое, аб чым нас просіць Папа. Каб мы не былі абаронцамі толькі ідэй, бо калі я абараняю толькі ідэю, то той, хто са мной не згаджаецца, становіцца ворагам. І тады эфект будзе супрацьлеглы: у рэшце рэшт мы ўступаем у культурную барацьбу, але забываемся пра рэальнасць”, – адзначыў ён.
Сінадальны працэс
Адказваючы на пытанне аб маючым адбыцца ў кастрычніку 2023 года Сінодзе Біскупаў, нунцый адзначыў, што ў ЗША да яго ставяцца па-рознаму і гэта звязана з неразуменнем таго, чаго жадае Святы Айцец. "Думаю, што Папа распачаў Сінадальны шлях, таму што бачыць змены ў грамадстве. Я памятаю, што на канферэнцыі ў Апарэсідзе ў 2007 годзе ўзнікла вельмі важная тэма – змена эпохі. У гэтым глабалізаваным свеце, новым свеце, з'явіліся новыя праблемы. Касцёл зразумеў, што неабходна ісці разам, каб знайсці рашэнні для евангелізацыі новага свету. Ісці наперад разам, як Касцёл, праз сустрэчы і дыялог. Многія людзі трохі баяцца дыялогу, таму што трэба адкрыцца і разам шукаць рашэнні. Сінод, распачаты Святым Айцом, з'яўляецца менавіта такім", - адзначыў арцыбіскуп П'ер.
На яго думку, некаторыя людзі дрэнна зразумелі Францішка і думаюць, што гаворка ідзе пра перабудову Касцёла на новы лад, які не мае нічога агульнага са старажытным Касцёлам, і лічаць гэта катастрофай. Сённяшняя задача - пераадолець гэты страх і зноў распачаць слуханне, дыялог, абмен ідэямі адносна евангелізацыі, а не змены ўсіх структур. Папа заявіў аб тэрміновасці евангелізацыі, бо адбываецца пэўная страта каштоўнасцяў, і “многія людзі забыліся пра сваё пакліканне і місію – быць сведкамі Езуса ў грамадстве, у якім яны жывуць. Для евангелізацыі патрабуецца новая адукацыя", - падкрэсліў іерарх.
Роля ватыканскай дыпламатыі на карысць міру
Адказваючы на пытанне пра ліпеньскі міратворчы візіт кардынала Матэа Дзупі ў Вашынгтон, дыпламат сказаў, што “першым неабходным крокам з'яўляецца ўступленне ў дыялог, у якім кожны, перш за ўсё, слухае іншага”. Па яго словах, жаданне слухаць іншага адчувалася падчас сустрэч кардынала Дзупі ў Вашынгтоне. "Я захапляўся пазіцыяй кардынала, таму што ён прыбыў без прэтэнзіі, а толькі з жаданнем данесці ідэю Святога Айца аб тым, што ў свеце, дзе толькі і кажуць, што пра вайну, таксама існуе і імкненне да міру”, - адзначыў дыпламат, дадаючы, што “ў рэшце рэшт мір павінен наступіць, інакш мы прыйдзем да катастрофы”.
Метад папскай дыпламатыі “заключаецца не ў пошуку рашэнняў, паколькі гэта справа палітыкаў і іншых уцягнутых бакоў”, а ў дапамозе людзям, якія пакутуюць, – падкрэсліў ватыканскі дыпламат, кажучы пра дзяцей, дэпартаваных з Украіны ў Расію.