Пошук

Запарожская атамная электрастанцыя ва Украіне Запарожская атамная электрастанцыя ва Украіне 

Святы Пасад у МАГАТЭ: свет без ядзернай зброі неабходны і магчымы

Заклапочаннасць сітуацыяй на Запарожскай электрастанцыі ва Украіне, а таксама ў Іране і Паўночнай Карэі, выказаў мансеньёр Даніэль Пача ў Вене на генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Святы Пасад не сумняваецца ў тым, што свет без ядзернай зброі неабходны і магчымы. Дасягненню гэтай мэты павінен спрыяць кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), - падкрэсліў 26 верасня 2023 года падсакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, выступаючы ў Вене на 67-й генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў заклапочанасць у сувязі з развіццём падзей у Іране, які “два гады таму перапыніў выкананне сваіх абавязкаў у рамках Глабальнага сумеснага плана дзеянняў, што мела сур'ёзны ўплыў на дзейнасць МАГАТЭ па кантролю і маніторынгу”. Іерарх заахвоціў арганізацыю працягваць узаемадзеянне з Іранам, у тым ліку і з мэтай складання справаздачы па іранскай ядзернай праграме.

Святы Пасад высока цэніць “пастаянныя і цярплівыя намаганні міжнароднай супольнасці, накіраваныя на аднаўленне перамоў па ядзернай праграме Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі”, якая, па словах дыпламата, пагражае цэласнасці рэжыму нераспаўсюджвання.

Што тычыцца Украіны, “Святы Пасад цалкам падтрымлівае намаганні МАГАТЭ па забеспячэнні бяспекі на Запарожскай атамнай электрастанцыі”, - пацвердзіў падсакратар. "Ніколі раней краіна з такой важнай ядзернай энэргетычнай праграмай не станавілася аб'ектам ваеннага нападу. Ніколі раней атамная электрастанцыя не падвяргалася такой вялікай рызыцы пашкоджання ў выніку ваенных дзеянняў і неаднаразовага спынення. Ніколі раней МАГАТЭ не даводзілася накіроўваць групу экспертаў для пастаяннага назірання за атамнай электрастанцыяй, якая падвяргаецца такой высокай рызыцы або вымушана працаваць у такіх небяспечных умовах”, - сказаў іерарх, выказаўшы спадзяванне на тое, што "нават у такіх беспрэцэдэнтных сітуацыях могуць быць дасягнуты значныя змены”.

Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў усім дзяржавам пра "маральную адказнасць за пабудову палітычных і эканамічных асноў міру”, а таксама за падтрымку ўсебаковага развіцця чалавека і сапраўдных надзей усіх народаў, якая б ставіла ў галаву вугла чалавечую годнасць і агульнае дабро. Гэтым мэтам спрыяе ўнікальная праца МАГАТЭ ў краінах, якія ідуць па шляху развіцця, дзе мірныя ядзерныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для паляпшэння здароўя, дабрабыту і росквіту насельніцтва, - заключыў ватыканскі дыпламат.

28 верасня 2023, 10:56