Лагатып Сінода Біскупаў аб сінадальнасці Лагатып Сінода Біскупаў аб сінадальнасці 

У Ватыкане прадставілі расклад працы Сінода Біскупаў

21 верасня 2023 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы ў Ватыкане быў прадстаўлены расклад прац Сінода Біскупа аб сінадальнасці і поўны спіс яго ўдзельнікаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пасяджэнне будзе працягвацца 26 дзён – з 4 па 29 кастрычніка 2023 года. У ім прымуць удзел 464 чалавека, уключаючы супрацоўнікаў Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў. Выніковы дакументы будзе падрыхтаваны не толькі па-італьянску, але таксама і па-англійску.

Падчас прэзентацыі адзначалася, што Сінод – гэта “час калегіяльнага распазнавання, што абапіраецца на малітве”. Па гэтай прычыне форум распачнецца і завершыцца святой Імшой з папам Францішкам. Штодзённыя пасяджэнні таксама будуць распачынацца малітвай. У праграму асамблеі плануецца ўключыць супольную пілігрымку, малітву за мігрантаў і бежанцаў на плошчы святога Пятра і Ружанец у Ватыканскіх садах.

Працы будуць праходзіць у пяці вялікіх моўных групах – англійскай, італьянскай, іспанскай, французскай і партугальскай. Усе яны будуць падзелены на 35 малых груп, у кожную з якіх увойдзе па 15 чалавек. Падчас Сінода адбудзецца 21 генеральная кангрэгацыя і 14 сесій у малых групах.

Змена метадалогіі і вялікая колькасць удзельнікаў паўплывалі на выбар месца правядзення асамблеі – яна адбудзецца не ў Сінадальнай зале, а ў Зале Паўла VI. Працы будуць адбывацца за круглымі сталамі, а кожны ўдзельнік будзе мець таблет, які паслужыць, між іншым, для рэгістрацыі прысутнасці, атрымання інфармацыі і галасавання.

З 464 удзельнікаў Сінода 365 будуць мець права голасу – сярод іх 54 жанчыны. Удзельнічаць у форуме будуць два біскупы з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Касцёл у Беларусі на асамблеі прадставіць біскуп Аляксандр Яшэўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
 

 

21 верасня 2023, 16:44