Ватыкан: візіт рэжысёра і членаў здымачнай групы фільма “Я – капітан”

14 верасня 2023 года Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў ватыканскім Доме святой Марты італьянскага рэжысёра Матэа Гароні і некалькі членаў здымачнай групы фільма “Я – капітан” (Io Capitano).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Вечарам у Ватыканскай фільматэцы адбыўся спецыяльны паказ гэтай стужкі, у прысутнасці рэжысёра, некаторых галоўных герояў і Мамаду Куасі, гісторыя якога была пакладзена ў аснову сцэнара фільма.

Кінастужка Я – капітан распавядае пра двух сенегальскіх падлеткаў, што здзейснілі смяротна небяспечнае падарожжа Еўропу: яны пераадолелі пустыню, сутыкнуліся з жахамі лагера для мігрантаў у Лівіі і апынуліся перад неабходнасцю пераплыць праз Міжземнае мора. Адзін з галоўных герояў – 16-гадовы хлопец – вырашае стаць капітанам судна, бо з-за ўзросту яму нічога не пагражае ў выпадку сустрэчы з італьянскімі праваахоўнікамі.

Фільм быў паказаны ў першай палове верасня на 80-м Венецыянскім кінафестывалі ў рамках асноўнай праграмы. Ён атрымаў два прыза: Матэа Гароні быў уручаны Сярэбраны леў за найлепшую рэжысуру, а выканаўцу галоўнай ролі, 21-гадоваму сенегальцу Сейду Сару – Прэмія Марчэла Мастраяні, як лепшаму маладому акцёру.
 

15 верасня 2023, 08:43