Пошук

2023.10.26 Josaphat Kuntsevich

400-годдзе мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча згадаюць у Рыме

Даследчыкі постаці Язафата Кунцэвіча з розных краін свету збяруцца ў Рыме з нагоды 400-годдзя мучаніцкай смерці гэтага апостала хрысціянскага адзінства. Святы быў забіты 12 лістапада 1623 года ў Віцебску.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13-14 лістапада 2023 года ў Папскім усходнім інстытуце пройдзе міжнародная канферэнцыя на тэму: Самасвядомасць і культ: тэалагічнае, культурнае і гістарычнае вымярэнне Язафата Кунцэвіча. Форум адбудзецца пад патранажам Вярхоўнага Архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука, прадстаяцеля Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. З уступным словам да яго ўдзельнікаў звернецца кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Чатыры сесіі канферэнцыі будуць прысвечаны розным аспектам гісторыі грэка-каталіцкай Кіеўскай, Галіцкай і ўсяе Русі Мітраполіі, кананізацыйнаму працэсу Язафата Кунцэвіча, тэалагічным, пастырскім і гімнаграфічным аспектам яго ўшанавання, культу святога ў агіяграфіі і іканаграфіі. З дакладамі выступяць украінскія, польскія, літоўскія, беларускія, нямецкія, амерыканскія даследчыкі з розных навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў свету.

У рамках канферэнцыі яе ўдзельнікі наведаюць выставу пад назвай Каб усе былі адно. 400-годдзе мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча, якая 20 кастрычніка 2023 года была адкрыта ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце па ініцыятыве Пасольства Літвы пры Апостальскай Сталіцы і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. На ёй прадстаўлены некалькі дзясяткаў каштоўных экспанатаў, сярод якіх мітра Язафата Кунцэвіча, яго афіцыйны кананізацыйны абраз, малавядомая ікона, якая прадстаўляе пакліканне святога, партрэты яго бліжэйшых паплечнікаў.

Адкрыццё выставы з нагоды 400-годдзя мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча
Адкрыццё выставы з нагоды 400-годдзя мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча

У адкрыцці экспазіцыі браў удзел кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Між іншым ён нагадаў, што святы Язафат Кунцэвіч прысвяціў сябе служэнню адзінству паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, згодна з пажаданнем Хрыста, “каб усе былі адно”. “Жыццё і дзейнасць святога мучаніка Язафата паказваюць нам, што наследаванне Езуса Хрыста, нават сёння можа ўключаць у сябе мучаніцтва, якое з’яўляецца сведчаннем любові і адзінства”, - дадаў ватыканскі іерарх, выказваючы спадзяванне, што мучанікі з неба дапамогуць хрысціянам прыйсці да доўгажаданай еднасці.

Кардынал Курт Кох (справа) і арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас (злева)
Кардынал Курт Кох (справа) і арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас (злева)

Выстава, прысвечаная 400-годдзю мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, будзе праходзіць у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме да 20 лістапада 2023 года. Уваход на яе вольны.
 

26 кастрычніка 2023, 11:36