400-годдзе мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча згадаюць у Рыме
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13-14 лістапада 2023 года ў Папскім усходнім інстытуце пройдзе міжнародная канферэнцыя на тэму: Самасвядомасць і культ: тэалагічнае, культурнае і гістарычнае вымярэнне Язафата Кунцэвіча. Форум адбудзецца пад патранажам Вярхоўнага Архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука, прадстаяцеля Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. З уступным словам да яго ўдзельнікаў звернецца кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Чатыры сесіі канферэнцыі будуць прысвечаны розным аспектам гісторыі грэка-каталіцкай Кіеўскай, Галіцкай і ўсяе Русі Мітраполіі, кананізацыйнаму працэсу Язафата Кунцэвіча, тэалагічным, пастырскім і гімнаграфічным аспектам яго ўшанавання, культу святога ў агіяграфіі і іканаграфіі. З дакладамі выступяць украінскія, польскія, літоўскія, беларускія, нямецкія, амерыканскія даследчыкі з розных навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў свету.
У рамках канферэнцыі яе ўдзельнікі наведаюць выставу пад назвай Каб усе былі адно. 400-годдзе мучаніцтва святога Язафата Кунцэвіча, якая 20 кастрычніка 2023 года была адкрыта ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце па ініцыятыве Пасольства Літвы пры Апостальскай Сталіцы і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. На ёй прадстаўлены некалькі дзясяткаў каштоўных экспанатаў, сярод якіх мітра Язафата Кунцэвіча, яго афіцыйны кананізацыйны абраз, малавядомая ікона, якая прадстаўляе пакліканне святога, партрэты яго бліжэйшых паплечнікаў.
У адкрыцці экспазіцыі браў удзел кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Між іншым ён нагадаў, што святы Язафат Кунцэвіч прысвяціў сябе служэнню адзінству паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, згодна з пажаданнем Хрыста, “каб усе былі адно”. “Жыццё і дзейнасць святога мучаніка Язафата паказваюць нам, што наследаванне Езуса Хрыста, нават сёння можа ўключаць у сябе мучаніцтва, якое з’яўляецца сведчаннем любові і адзінства”, - дадаў ватыканскі іерарх, выказваючы спадзяванне, што мучанікі з неба дапамогуць хрысціянам прыйсці да доўгажаданай еднасці.
Выстава, прысвечаная 400-годдзю мучаніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча, будзе праходзіць у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме да 20 лістапада 2023 года. Уваход на яе вольны.