Перадача Францішку копіі Чоўна святога Пятра Перадача Францішку копіі Чоўна святога Пятра  (Vatican Media)

Човен святога Пятра прышвартаваўся ў Ватыканскіх музеях

10 кастрычніка 2023 года часткай экспазіцыі Ватыканскіх музеяў стаў вялізарны парусны човен – рэканструкцыя амаль васьмімятровага старажытнага драўлянага судна, знойдзенага ў 1986 годзе на дне Галілейскага возера ў Ізраілі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Незвычайны экспанат, названы Чоўнам святога Пятра, быў падараваны Папу Францішку 15 сакавіка 2023 года. Яго сабралі ўручную карабельныя майстры італьянскай фірмы Antico Cantiere del Legno Aprea пры падтрымцы Міжнароднага дыпламатычнага інстытута.

Човен заняў сваё пастаяннае месца ў экспазіцыі ля ўваходу ў Ватыканскія музеі, каля падножжа сучаснай спіральнай рампы, так званай Via del Mare – Марскога шляху, уздоўж якой размяшчаюцца каля шасцідзесяці мадэляў лодак з розных частак свету і чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя місіянерамі на пачатку ХХ стагоддзя.

Арыгінальнае судна было знойдзена ў Галілейскім возеры, якое яшчэ называюць Тыберыядскім морам, падчас маштабнай засухі, якая была ў Ізраілі ў 1985-1986 гадах. Калі ўзровень вады ў возеры панізіўся, мясцовыя жыхары змаглі ўбачыць на дне недалёка ад берага фрагменты, якія нагадвалі каркас чоўна. Структура была перанесена ў Музей Ігаля Алона ў Гінасары і даследавана навукоўцамі.

Эксперты датавалі судна канцом І стагоддзя да нашай эры – пачаткам І стагоддзя нашай эры. Яно магло змяшчаць трынаццаць чалавек – гэта значыць, што ў гэтай лодцы мог плаваць Езус са сваімі дванаццацю апосталамі. Месца знаходкі – Галілейскае возера – таксама непарыўна звязана з жыццём і дзейнасцю Збаўцы. Таму яе было вырашана назваць Чоўнам святога Пятра.

 

10 кастрычніка 2023, 13:16