Кардынал Олерыш: галоўная дзеючая асоба Сінода – Святы Дух
Марыя Валодзіна – Vatican News
Кардынал Жан-Клод Олерыш адразу звярнуў увагу прысутных на іх незвычайнае размяшчэнне ў зале пасяджэнняў. “Мы сядзім не ў іерархічным парадку, а за круглымі сталамі, што паклікана спрыяць сапраўднаму абмену думкамі і сапраўднаму распазнаванню”, - заўважыў арцыбіскуп Люксембургскі, дадаючы, што “зала ўладкаваная такім чынам не па практычных меркаваннях ці па рашэнні Сакратарыята Сінода, а для таго, каб адлюстраваць досвед народа Божага, які з 2021 года ідзе па Сінадальным шляху”. “І размяшчэнне ўдзельнікаў у зале, і Instrumentum laboris з'яўляюцца плёнам гэтага сінадальнага досведу і дапамагаюць нам зразумець, якім шляхам Бог просіць нас ісці”, - адзначыў іерарх.
Галоўны герой Сінода – Святы Дух
Круглыя сталы нагадваюць пра тое, што ніхто з удзельнікаў асамблеі не з'яўляецца яго галоўным героем. Галоўная дзеючая асоба Сінода – Святы Дух, - нагадаў генеральны рэлятар, заклікаючы прысутных цалкам адкрыць свае сэрцы, каб “Бог Айцец праз Святога Духа прывёў нас у камунію з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом”.
Касцёл – гэта народ Божы з Хрыстом у цэнтры
Касцёл – гэта народ Божы, які ідзе праз гісторыю з Хрыстом у цэнтры. Гэта нармальна, што адна група ідзе справа ад Яго, другая злева, некаторыя забягаюць наперад, а некаторыя адстаюць. Калі кожная з гэтых груп глядзіць на Пана, яны не могуць не заўважаць тых, хто займае процілеглую пазіцыю. “Іншымі словамі, так званыя прагрэсісты не могуць, гледзячы на Хрыста, не бачыць так званых кансерватараў, і наадварот. Аднак важна не тое, да якой групы мы належым, важна ісці разам з Хрыстом у яго Касцёле”, - удакладніў кардынал.
Касцёл складаецца з усіх ахрышчаных
“Касцёл складаецца не толькі з пасвечаных служыцеляў – біскупаў, святароў і дыяканаў – але і з усіх ахрышчаных, якія ўдзельнічаюць у місіі, ускладзенай на яго нашым Панам Езусам Хрыстом. Такім чынам, місія грае ключавую ролю ў паняцці сінадальнасці. Каб усвядоміць рэальнасць місіі Касцёла, нам неабходна пашырыць наша бачанне – ад гэтай залы да ўсяго свету”, - зазначыў генеральны рэлятар Сінода.
Корань зла – грэх
Свет пакутуе ад болю, наша маці Зямля плача, таксама як і бедныя. У сваёй гаміліі Святы Айцец красамоўна апісаў зло, якое пераследуе наш свет: змена клімату, міграцыя, бясконцыя войны, крайняя палярызацыя ў грамадстве і нават унутры Касцёла, спажывецкі лад жыцця, які, здаецца, адмаўляе існаванне Бога. Пакутуюць мільёны людзей. Неабходны сацыялагічны, палітычны і эканамічны аналіз і шчодрая прыхільнасць абавязацельствам, якія аднак не могуць быць паспяховымі, калі мы не прызнаем, што “коранем гэтага зла з'яўляецца грэх. Вось чаму Святы Айцец так гучна заклікае нас да навяртання, да змены нашых паўсядзённых паводзінаў”, - сказаў кардынал Олерыш.
“Менавіта ў гэтым кантэксце Касцёл атрымаў заклік станавіцца ўсё больш сінадальным. Мы не пачынаем з нуля. У нас ужо ёсць багатая тэалагічная традыцыя сінадальнасці. У нас ёсць вучэнне многіх Пап, а цяпер яшчэ і глыбокае вучэнне Францішка”, - падкрэсліў рэлятар.
Вывучаць граматыку сінадальнасці
Як і моўная граматыка, граматыка сінадальнасці змяняецца па меры развіцця, але ёсць некалькі асноўных правілаў, якія ніколі не мяняюцца. Гэта такія правілы каталіцызму, як годнасць, якая вынікае з хросту; роля Пятра ў Касцёле; біскупская калегіяльнасць; пасвечанае служэнне, агульнае святарства вернікаў і тое, што яны пасвечаны адзін аднаму (пар. Lumen gentium, 10). “З дапамогай гэтых фундаментальных элементаў каталіцкай граматыкі неабходна знайсці спосабы выказаць новыя ідэі, якія дае Святы Дух”, - лічыць іерарх.
Сінод – не парламент
Арцыбіскуп Люксембурга заклікаў прысутных памятаць, што Сінод – гэта не парламент, у якім “палітыкі абмяркоўваюць тэкст А, прапанаваны большасцю, а апазіцыя прапануе тэкст B. У лепшым выпадку, некаторыя пункты тэкста B будуць інтэграваныя ў тэкст A... Прынамсі, пакуль новыя выбары не зменяць пазіцыі. Але, у любым выпадку, вузкая большасць вырашае тое, з чым павінна пагадзіцца ўсё насельніцтва. Адны будуць адчуваць, што выйгралі, іншыя, што прайгралі. І паспрабуюць супраціўляцца”.
“У нас для пачатку ёсць адзіны тэкст - Instrumentum laboris. Гэта плён cінадальнага працэсу, у якім удзельнічаў увесь Божы народ. Гэты працэс яшчэ не завершаны. Цяпер ён давераны нашаму распазнаванню”, - падкрэсліў генеральны рэлятар, дадаючы, што распазнаванне немагчыма без сумеснай малітвы, таму кожнай раніцай удзельнікі Сінода змогуць прыняць удзел у Імшы, якая будзе праходзіць у базіліцы святога Пятра.
Кардынал Олерыш удакладніў, што праца Сінода будзе падзелена на пяць модуляў. У кожным модулі будуць чаргавацца моманты пленарных пасяджэнняў, генеральных кангрэгацый і працы ў невялікіх групах. Першыя чатыры модулі будуць прысвечаны разбору пытанняў, прапанаваных у Instrumentum laboris, апошні – абмеркаванню і зацвярджэнню выніковага дакумента, які будзе перададзены Святому Айцу.