Дзяржсакратар: не дапусціць эскалацыі на Блізкім Усходзе
Марыя Валодзіна - Vatican News
У кулуарах мерапрыемства, прысвечанага памяці кардынала Акіле Сільвестрыні, якое прайшло 27 кастрычніка 2023 года ў рымскім Капітоліі, кардынал П'етра Паралін адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся крызісу на Блізкім Усходзе.
Дзяржаўны сакратар заклікаў свет звярнуць увагу перш за ўсё на дзяцей, якія сталі ахвярамі гэтага новага канфлікту: "Мы думаем пра дзяцей, якія сталі ахвярамі ХАМАС, а таксама і пра многіх дзяцей, якія паміраюць пад бомбамі ў Газе. Заклік перш за ўсё думаць пра іх, прыняць да ўвагі іх бязвіннасць, іх будучыню".
Святы Пасад гатовы зрабіць усё магчымае
Іерарх пацвердзіў поўную гатоўнасць Святога Пасада ўнесці свой уклад у мірнае ўрэгуляванне канфлікту на Блізкім Усходзе: "Усё, што можна зрабіць, мы зробім. Папа цалкам гатовы да гэтага", - сказаў ён.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы паўтарыў яго заклік да міру, да вызвалення закладнікаў і вырашэння гуманітарнага крызісу ў Газе. "Дзейнасць Святога Пасада засяроджана зараз на гэтых двух пытаннях", - падкрэсліў кардынал Паралін, тлумачачы, што ў цяперашні час няма вялікіх магчымасцяў для пасярэдніцтва Святога Пасада. "Аднак ёсць верагоднасць, што на месцы – праз мясцовы Касцёл, праз Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма – будзе ўсталявана нейкая камунікацыя і абмен паведамленнямі. Мы спрабуем зрабіць нешта ў гэтым кірунку".
Магчымасць сустрэчы Папы з сем'ямі закладнікаў
Што тычыцца магчымай наземнай ваеннай аперацыі ў сектары Газа, кардынал выказаў спадзяванне на тое, што "абвастрэнне сітуацыі будзе пазбегнута і што яе можна будзе вырашаць інакш. Я лічу, што гэта цесна звязана з пытаннем вызвалення закладнікаў, калі б удалося вырашыць праблему закладнікаў, верагодна, правядзенне наземных дзеянняў было б менш неадкладным", - лічыць іерарх.
У адказ на пытанне аб магчымай сустрэчы Папы з сем'ямі ізраільскіх закладнікаў, кардынал Паралін сказаў: "Мы думаем пра гэта. Мы ведаем, што яны знаходзяцца тут і былі прынятыя ўладамі Італіі. Мы яшчэ не прынялі канчатковае рашэнне, але я думаю, што сёння яно будзе прынята".
Кантакты з ЗША
Што тычыцца тэлефоннай размовы Францішка з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, якая прайшла 22 кастрычніка 2023 года, Дзяржсакратар сказаў: "Мы лічым, што Злучаныя Штаты могуць і ў гэты раз адыграць важную ролю. Папа паўтарыў пазіцыю Святога Пасада Байдэну, які, наколькі я ведаю, занепакоены магчымай эскалацыяй і спадзяецца, што сітуацыя не пагоршыцца".
Трагедыя Украіны
"Да Украіны зараз трохі менш увагі, але, безумоўна, мы працягваем працаваць, перш за ўсё, над гуманітарным аспектам ", - запэўніў Дзяржаўны сакратар. “На Мальце зараз праходзіць сустрэча палітычных дарадцаў па мірнай платформе прэзідэнта Зяленскага. У ёй будзе ўдзельнічаць і нунцый. Учора ў відэазвароце я казаў аб тым, што мы працягваем звяртаць увагу на трагедыю Украіны і неабходнасць удзелу кожнага з нас для пошуку рашэння", - зазначыў кардынал Паралін.