Папа Пій ХІІ Папа Пій ХІІ 

Паралін: Пій ХІІ ішоў шляхам дыпламатыі і неаб’яўленага супраціву

Архіўныя дакументы паказваюць вобраз Пія XII, які вельмі адрозніваецца ад агульна вядомага, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9-11 кастрычніка 2023 года ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце праходзіць навуковая канферэнцыя на тэму: Новыя дакументы пантыфікату Пія ХІІ і іх значэнне для юдэйска-хрысціянскіх адносін. Форум рыхтаваўся два гады – ён павінен падвесці першыя вынікі даследавання дакументаў Ватыканскіх архіваў, якія тычацца пантыфікату Эўджэніа Пачэлі. У сакавіку 2019 года гэтыя гістарычныя крыніцы сталі даступныя для навукоўцаў, дзякуючы адмысловаму рашэнню Папы Францішка.

Канферэнцыя пачалася хвілінай маўчання ў памяць пра ахвяр тэрарыстычнага нападу на Ізраіль. З-за эскалацыі насілля на Блізкім Усходзе ў Рым не змаглі прыбыць гісторыкі з Міжнароднага інстутута даследаванняў Халакоста пры мемарыяльным комплексе Яд ва-Шэм у Іерусаліме, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы форума.

З уступным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся кардынал П’етра Паралін, які заўважыў, што пасля адкрыцця архіваў і публікацыі некаторых прац, “фундаментальна важна ўстанавіць гістарычную праўду” праз гісторыка-крытычныя даследаванні. Захаванне гістарычнай дакладнасці азначае абарону праўды па-над усімі бакамі, якіх тычыцца гэта пытанне, - сказаў ён. Іерарх са шкадаваннем згадаў пра існаванне выпадкаў “навуковай несумленнасці”, што выяўляецца ў маніпуляцыях, пры якіх дакументы свядома ці несвядома ўтойваюцца.

Кардынал Паралін заўважыў, што Апостальская Сталіца падтрымлівала сяброўскія адносіны з яўрэямі ад пачатку XX стагоддзя і бараніла іх ужо ў гады Першай сусветнай вайны. Яўрэі, у тым ліку многія рабіны, былі перакананыя ў добрых адносінах Папы да іх, таму звярталіся да яго па дапамогу падчас Другой сусветнай вайны. Пій ХІІ заахвоціў вялікую колькасць католікаў з манаскіх супольнасцей “бараніць яўрэяў усімі сродкам, нават прымаючы ўдзел у супраціве фашызму і нацызму”. Нядаўнія адкрыцці ў Ватыкане і іншых архівах, “дапамаглі ўсім зразумець, наколькі многія гістарычныя запісы падвяргаліся маніпуляцыям у перыяд пасля Другой сусветнай вайны”, - дадаў Дзяржсакратар.

Дзякуючы адкрыццю архіваў, “стала відавочна, што Папа ішоў як шляхам дыпламатыі, так і шляхам неаб’яўленага супраціву”. “Гэта рашэнне не было апатычным і пазбаўленным дзейнасці”, але было звязана з вялікай рызыкай для тых, хто ўдзельнічаў у тых падзеях, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

10 кастрычніка 2023, 12:03