Кардынал Раі: сінадальная духоўнасць у сэрцы аднаўлення Касцёла

Трэба вучыць жыццю камуніяй, місіяй і ўдзелам, а таксама сінадальнай духоўнасцю, якая знаходзіцца ў сэрцы аднаўлення Касцёла, перакананы кардынал Бешара Бутрас Раі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 кастрычніка 2023 года ў базіліцы святога Пятра ў Ватыкане прайшла Боская Літургія для ўдзельнікаў XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яе ўзначаліў мельхіцкі грэка-каталіцкі Патрыярх Юсуф Абсі. Гамілію прамовіў кардынал Бешара Бутрас Раі, Патрыярх Антыёхіі мараніцкага абраду.

Ліванскі іерарх нагадаў, што пасля шэрагу цудоўных аздараўленняў, якія ўчыніў Езус, людзі хадзілі за Ім з аднаго мястэчка ў іншае. Злітаваўшыся над імі, Хрыстус сказаў сваім вучням: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё” (Лк 10,2).

Кардынал Раі адзначыў, што для ўдзельнікаў Сінода жнівом з’яўляюцца шматлікія выклікі, якія стаяць перад Касцёлам і светам: будаванне міру, клопат пра супольны дом, барацьба з несправядлівай эканамічнай сістэмай, падтрымка ахвяр пераследу, аздараўленне ран, нанесеных рознага роду злоўжываннямі, абарона чалавечай годнасці, паглыбленне экуменічных адносін, дыялог з іншымі рэлігіямі, клопат пра бедных, хворых і інвалідаў, належнае душпастырства разведзеных людзей, якія заключылі новыя саюзы, людзей, якія жывуць у палігамных сужэнствах, дапамога моладзі, раскрыццё патэнцыялу пажылых людзей у хрысціянскіх супольнасцях і грамадстве.

“Жніво сапраўды вялікае! Што да работнікаў жніва, то, паводле Instrumentum laboris – гэта пасланыя Хрыстом і кіраваныя Святым Духам, галоўным героем місіі, даручанай Касцёлу, а значыць, і ўсяго сінадальнага шляху. Мы чытаем у Instrumentum laboris, што на сінадальным сходзе Хрыстус прысутнічае і дзейнічае, перамяняе гісторыю і штодзённыя падзеі, дорыць Духа, які вядзе Касцёл да адшукання згоды адносна таго, як ісці разам да Валадарства і дапамагаць чалавецтву ісці далей у кірунку адзінства. Работнікі жніва – гэта біскупы, святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы, ахрышчаныя вернікі: усе маюць патрэбу у тым, каб быць навучанымі ісці сінадальным шляхам. Гаворка ідзе пра навучанне жыццю камуніяй, місіяй і ўдзелам, а таксама сінадальнай духоўнасцю, якая знаходзіцца ў сэрцы аднаўлення Касцёла”, - сказаў кардынал Раі.

“Сітуацыя ў сучасным свеце і становішча людзей, у тым ліку бедных, згубленых, пераследаваных, адкінутых, расчараваных, бежанцаў, нявінных ахвяр войнаў, страчаных, бяздомных, параненых у сваёй годнасці: усе яны сапраўды абуджаюць спагаду Хрыста, які выбраў кожнага з нас, каб аздаравіць гэтыя раны і змагацца за лепшы свет, каб маглі жыць у нашым агульным доме ў міры і спакоі”, - сказаў іерарх, заклікаючы маліцца, каб Пан зрабіў удзельнікаў Сінода работнікамі свайго жніва.
 

09 кастрычніка 2023, 10:59