Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Святло надзеі Сінода ў цёмную гадзіну свету

Сінод, які прайшоў у Ватыкане, з’яўляецца знакам надзеі для свету, які стаіць на краі бездані, - лічыць Андрэа Тарніелі, рэдакцыйны дырэктар СМІ Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У свеце, які палае і знаходзіцца на краі бездані новага сусветнага канфлікту; у свеце, пазначаным няздольнасцю слухаць і нянавісцю, якая распальвае войны і гвалт, што адлюстроўваецца таксама на лічбавым кантыненце, той факт, што чатырыста чалавек на працягу месяца сабраліся разам удалечыні ад дому, каб маліцца, слухаць адзін аднаго, дыскутаваць – гэта, безумоўна, навіна. Сінадальны Касцёл, на якім настойвае Папа Францішак, уяўляе сёння маленькае зерне надзеі: усё яшчэ можна весці дыялог, прымаць адзін аднаго, абмяжоўваючы пратаганізм уласнага эга, каб пераадолець палярызацыю і прыйсці да агульнага кансэнсусу”, - напісаў ён у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

Тарніелі заўважыў, што мы перажываем цёмныя часы, пазначаныя бойняй мірных жыхароў і дзяцей, якая падтрымліваецца “вербальным гвалтам і ўніфікацыяй мыслення”. “Гэта цёмны час, калі словы “мір”, “дыялог”, “перамовы”, “спыненне агню” сталі практычна невымоўнымі”, а ўрадам і кіруючым класам не хапае “адвагі, дальнабачнасці і дыпламатычнай крэатыўнасці”. У гэтым кантэксце застаецца толькі адно: ухапіцца за малітву, ісці за прароцкім голасам, здольным уздымацца па-над інтарэсамі і ідэалогіямі – голасам Біскупа Рыма.

Андрэа Тарніелі спаслаўся на падагульняючую справаздачу першай сесіі XVІ Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, заўважаючы, што ён можа стаць надзеяй для свету, а рашэнні сходу нясуць нямала важных пасланняў. У першую чаргу гаворка ідзе пра далейшае паглыбленне разумення Другога Ватыканскага Сабора адносна адзінага паклікання ўсіх ахрышчаных. Эксперт нагадаў, што “Езус, які набліжаў да сябе ўсіх і размаўляў з усімі, сустракаўся з супрацівам каст: духавенства той эпохі, прызвычаенага накладаць ярмо на плечы іншых, кніжнікаў, настаўнікаў закону”.

“Неабходна глядзець на Назараніна, каб аднавіць у Касцёле на ўсіх узроўнях, ад Рымскай курыі да самай маленькай парафіі, усведамленне таго, што кожная пасада – гэта служэнне, а не ўлада, і што яна “служыць” па-сапраўднаму, калі набліжае, яднае, робіць суадказнымі, стварае братэрства, сведчыць пра міласэрнасць Бога, не аддаляе, не ўмацоўвае ў прывілеях, не робіць падзелу паміж пасвячонымі і не, не лічыць свецкіх (магчыма больш праз учынкі, а не на словах) ахрышчанымі другой катэгорыі”, - напісаў ён, дадаючы, што небяспечнай з’яўляецца таксама імкненне свецкіх да клерыкалізацыі і ператварэння ў касту занятых у касцёльных справах людзей. Сінод стане зернем надзеі, калі Касцёл перастане дзейнічаць паводле дасаборавах катэгорый, згодна з якімі біскупы і святары прымаюць рашэнні, а іншыя ахрышчаныя павінны абмяжоўвацца іх выкананнем.

Яшчэ адным важным пасланнем Сінода Тарніелі назваў імкненне даць больш месца жанчынам у Касцёле. Для гэтага, на яго думку, трэба мець адвагу, каб уважлівей углядацца ў Евангелле і давяраць Езусу. Менавіта жанчыны былі пад крыжам Хрыста, калі Ён паміраў; мелі адвагу пакінуць Вячэрнік і прынесці першую вестку пра ўваскрасенне; далі першае сведчанне пра пустую магілу, пра тое, што Езус – жывы, прамовіўшы першую гамілію пра kerygma, пра сутнасць нашай веры. “Дастаткова зыходзіць з гэтага, каб кожны ўсвядоміў, што жанчын трэба цаніць значна больш за ўсіх узроўнях Касцёла, перамагаючы чуму клерыкалізму – хваробу, якая, на жаль, усё яшчэ вельмі ўкаранёная і неаднаразова асуджаная Наступнікам святога Пятра”, - напісаў журналіст.

Трэці каштоўны элемент, які вынікае з Сінода, на думку Андрэа Тарніелі, датычыцца прыняцця параненых людзей: бедных, мігрантаў, а таксама тых, хто мае неўпарадкаваную сітуацыю, хто далёкі ад Касцёла, непрэзентабельны – усіх. “На кожнай старонцы Евангелля мы бачым як Назаранін парушае табу і ўмацаваныя традыцыі, разбурае рэспектабельнасць і крывадушнасць, каб абняць грэшніка, параненага, адчужанага, неўпарадкаванага, сапсутага, далёкага, таго, хто не належыць да “нашых”, - напісаў Тарніелі, ставячы ў прыклад евангельскую гісторыю пра Закхея, які навярнуўся менавіта пасля таго, як Езус паглядзеў на яго з любоў, прыняў і адарыў міласэрнасцю.

“Ёсць патрэба ў Касцёле, здольным глядзець такім чынам, позіркам самога Езуса, на кожнага мужчыну і жанчыну, з іх мізэрнасцю, грахом, каб дапамагчы ім адчуць, што іх прымаюць і суправаджаюць з цярплівасцю і ласкавасцю, давяраючы ініцыятыве ласкі і яе дзейнасці ў часе і Божым спосабам у сэрцах людзей і іх гісторыях”, - заўважыў ватыканскі журналіст, нагадваючы таксама пра важнасць іншых прапаноў Сінода: перагляду кананічнага права, развіцця экуменізму, умацавання сінадальных струкур і пошуку новых форм папскага служэння.
 

30 кастрычніка 2023, 11:14