Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыканскай абсерваторыі прайшла прэзентацыя новых адкрыццяў

У Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя, падчас якой былі прадстаўлены апошнія вынікі вывучэння Млечнага Шляху ў рамках праекту The VVVX Survey.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Астраномы праводзілі назіранні ўнутраных частак нашай галактыкі на працягу апошніх дванаццаці гадоў, выкарыстоўваючы тэлескоп VISTA (Visible and Infrared Survey Telescope for Astronomy) з дыяметрам люстэрка 4,1 метра, які размешчаны ў Паранальскай абсерваторыі ў Чылі. Яны сабралі вялікую базу даных з больш чым мільярда зорак, рэгіструючы таксама змену іх ззяння.

Цэнтральныя часткі Млечнага Шляху з’яўляюцца аднымі з самых цёмных з прычыны прысутнасці ў іх газу і пылу, якія ствараюць “зону ценю”. Тым не менш, выкарыстоўваючы даўжыню інфрачырвоных хваляў тэлескопа, удзельнікі праекту The VVVX Survey здолелі паглядзець праз пыл і ўбачыць таксама галактыкі па іншы бок Млечнага Шляху.

У Кастэль-Гандольфа навукоўцы прадставілі каталог з каля 20 тысяч галактык, якія не былі бачныя ніколі раней і знаходзяцца па-за Млечным Шляхам. Гэта праца была зроблена пад кіраўніцтвам групы даследчыкаў з Аргенціны, якія ў ранейшым бралі ўдзел у Летняй астранамічнай школе, якую штогадова праводзіць Ватыканская абсерваторыя.

Сярод многіх іншых адкрыццяў было прадстаўлена даследаванне чылійскага астранома Алонса Луны, таксама выпускніка ватыканскай Летняй школы, якое датычылася звышхуткіх зорак, знойдзеных у сэрцы нашай галактыкі. Мяркуецца, што гэтыя зоркі, якія рухаюцца з хуткасцю больш за 2 мільёна кіламетраў у гадзіну, былі выкінутыя са звышмасіўнай чорнай дзіркі, размешчанай у цэнтры нашай галактыкі.

Паводле ўдзельнікаў канферэнцыі ў Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі, прадстаўленыя даследаванні паляпшаюць разуменне структуры Млечнага шляху і фармавання іншых галактык.
 

19 кастрычніка 2023, 10:22