Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара (справа), прафесар Паола Канверсі (у цэнтры) і айцец Фабіа Б'яджа (злева) Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара (справа), прафесар Паола Канверсі (у цэнтры) і айцец Фабіа Б'яджа (злева) 

Ватыкан: паслы пры Святым Пасадзе пазнаёміліся з Laudate Deum

Дыпламатычнаму корпусу, акрэдытаванаму пра Апостальскай Сталіцы, была прадстаўлена апошняя адгартацыя Францішка Laudate Deum, прысвечаная праблеме змены клімату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэзентацыя прайшла 18 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане. Першым да дыпламатаў звярнуўся арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту. Ён падкрэсліў, што папскі дакумент павінен падштурхнуць усіх да канкрэтных дзеянняў па абароне навакольнага асяроддзя, а таксама нагадаў, што экалагічная справядлівасць – неад’емная частка справядлівасці сацыяльнай і эканамічнай.

Іерарх працытаваў словы лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы Джорджа Парызі пра тое, што Laudate Deum – “як ніколі патрэбны дакумент”, які “павінен успрымацца вельмі сур’ёзна”. Ён таксама працытаваў амерыканскага пісьменніка Джонатана Сафрана Фоера, які сцвярджаў, што кліматычныя змены вымагаюць навуковай, палітычнай і культурнай рэвалюцыі.

Супрацоўнік Другой секцыі Дзяржаўнага сакратарыяту, прафесар Паола Канверсі, у сваю чаргу, адзначыў, што адгартацыя Laudate Deum мае тры галоўныя аспекты: яна заклікае неадкладна праняць на сябе адказнасць за ахову навакольнага асяроддзя, залучыць усіх у гэты працэс, а таксама прапануе карыстацца новым падыходам, у цэнтры якога знаходзіцца паняцце цэласнай экалогіі.

Неабходна падтрымліваць і паскараць пераход ад тэхнакратычнай да інтэгральнай мадэлі, ад “культуры марнатраўства да культуры клопату”, а гэта ставіць выклікі культурнага і адукацыйнага характару. Laudate Deum заклікае не толькі сузіраць прыгажосць стварэння, але і паказвае заклапочанасць тым, што чалавек рызыкуе стаць самым лютым ворагам самаму сабе, - заключыў у звароце да дыпламатаў прафесар Канверсі.
 

19 кастрычніка 2023, 11:25