Сінод: малыя групы абмеркавалі другую частку працоўнага дакумента
Марыя Валодзіна – Vatican News
Другая частка працоўнага дакумента, якую ўдзельнікі Сінода абмеркавалі ў малых групах 9-10 кастрычніка, прысвечана тэме Камунія, якая выпраменьваецца. Галоўнае пытанне, над якім разважалі ўдзельнікі асамблеі: Як больш поўна быць знакам і прыладай адзінства з Богам і адзінства чалавечай сям’і? Сваімі разважаннямі яны падзеляцца на пасяджэннях генеральных кангрэгацый 11 кастрычніка.
У малых групах удзельнікі форума абмеркавалі пытанні адукацыі, навакольнага асяроддзя, мультыкультуралізму, а таксама адносін з маргіналізаванымі групамі насельніцтва і мігрантамі. Сапраўдная прыгажосць Каталіцкага Касцёла "становіцца відавочнай, калі яго дзверы адчыненыя і вітаюць людзей. Мы спадзяемся, што Сінод дапаможа нам адчыніць іх яшчэ больш", - такімі словамі акрэсліў тэму другога модуля Instrumentum laboris кардынал Джозэф Тобін.
Як падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, у параўнанні з папярэднімі Сінодамі, удзельнікі бягучай асамблеі маюць значна больш магчымасцяў для таго, каб выказацца, асабліва ў малых групах. "Паміж усімі ўдзельнікамі ідзе вялікі абмен думкамі, які распачаўся яшчэ падчас перадсінадальных рэкалекцый,"- сказаў Руфіні.