У Ватыкане праходзіць фотавыстава, прысвечаная змене клімату
4 кастрычніка 2023 года ў Зале Друку Святога Пасада адкрылася фотавыстава, прысвечаная наступствам змены клімату. Мерапрыемства прымеркавана да Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая працягнецца да 29 кастрычніка.
Марыя Валодзіна – Vatican News
Выстава, якая праходзіць пад назвай Змены (Changes), была падрыхтавана Дыкастэрыяй па камунікацыі ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Яе куратары – Ліа і Марыяна Бельтрамі.
Экспазіцыя складаецца з 24 фотаздымкаў, 15 з якіх можна пабачыць у Ватыкане. Выявы добра дэманструюць кантраст паміж наступствамі змены клімату і надзеяй, выкліканай эмоцыямі ад прыгажосці Божага тварэння.
Фотавыстава адкрылася ў дзень публікацыі Laudate Deum – апостальскай адгартацыі Францішка, у якой ён заклікае да сумеснай адказнасці перад абліччам змены клімату, таму што свет “набліжаецца да пераломнага моманту”.
05 кастрычніка 2023, 11:59