Удзельнікі Сінода здзейснілі пілігрымку ў рымскія катакомбы
Марыя Валодзіна – Vatican News
Перапынак у працы XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў дазволіў удзельнікам наведаць мясціны, якія захоўваюць памяць пра першыя хрысціянскія супольнасці Рыма. У пілігрымцы прынялі ўдзел каля 250 чалавек: кардыналы, біскупы, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і спецыяльныя госці Сінода.
Пілігрымка распачалася з наведвання базілікі святога Себасцьяна, пабудаванай у IV стагоддзі пасярод былога паганскага некропаля. У гэтай святыні пілігрымы маліліся, а таксама спыніліся на некалькі хвілін у маўчанні.
Пілігрымаў прывітаў старшыня Папскай камісіі сакральнай археалогіі, мансеньёр Паскуале Якабоне. "Вельмі важна паказаць удзельнікам Сінадальнага шляху гэтыя значныя для Касцёла месцы", - сказаў ён, патлумачыўшы, што менавіта тут сустрэліся калісьці апосталы Пётр і Павел. Таму гэта месца мае гістарычнае і духоўнае значэнне як для Касцёла, так і для сённяшняга свету, пазначанага супярэчнасцямі.
Затым у базіліцы святога Себасцьяна выступіў генеральны рэлятар Сінода, кардынал Жан-Клод Олерыш, які нагадаў пра жыццё першых рымскіх хрысціян і сведчанні мучанікаў, пахаваных у катакомбах. "Гэта пілігрымка да святога Пятра з'яўляецца пілігрымкай да нашай рэальнасці, да рэчаіснасці нашых Касцёлаў", - сказаў ён, заклікаючы "знайсці сэнс гэтага Божага падарожжа ў нашай рэчаіснасці", дзе заўсёды ёсць адлюстраванне Крыжа. "Мы, біскупы, павінны зірнуць на наш крыж і сказаць: Пане, я люблю Цябе, я бяру крыж і іду за Табой", - сказаў у сваім звароце кардынал Олерыш.
Пасля гэтага пілігрымы накіраваліся ў катакомбы, дзе спусціліся на глыбіню каля 15 метраў, каб прайсці па вузкіх туфавых калідорах вышынёй менш за два метры, умацаваных глінянымі цаглінамі, і на ўласныя вочы пабачыць склепы і магілы першых хрысціян, а таксама выявы рыб, галубоў, якароў і іншыя раннехрысціянскія сімвалы і надпісы.