Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ў Сеул Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ў Сеул 

Галахер: дыпламатыя Святога Пасада – інструмент надзеі

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў 21 лістапада 2023 года ў Сеуле на сімпозіуме, прысвечаным 60-годдзю дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Паўднёвай Карэяй.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім дакладзе Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі падкрэсліў, што ў карэйскай культуры лічба 60 мае асаблівае значэнне, паколькі азначае "пераход да новага жыццёвага цыклу і фазы большай паўнаты". У Бібліі гэтая лічба сімвалізуе падрыхтоўку да поўнага ажыццяўлення і выказвае "ідэю ўзаемнай падтрымкі і ўзаемасувязі".

Захаванне памяці

Іерарх нагадаў, што 60-я гадавіна дыпламатычных адносін супадае з завяршэннем праекта па даследаванні і захаванні архіўных дакументаў, якія захоўваюцца ў Ватыканскім апостальскім архіве, Апостальскай бібліятэцы і Папскім прадстаўніцтве ў Сеуле. Праект ажыццяўляўся пры падтрымцы ўрада і біскупаў Паўднёвай Карэі.

Ватыканскі дыпламат прааналізаваў апошнія шэсцьдзесят гадоў гісторыі адносін паміж Святым Пасадам і Паўднёвай Карэяй. За гэты час адбылося тры апостальскіх падарожжа ў Паўднёвую Карэю: Яна Паўла II у 1984 і 1989 гадах і Францішка ў 2014 годзе, а таксама столькі ж візітаў кіраўнікоў гэтай дзяржавы ў Ватыкан — Кім Дэ Чжуна ў 2000 годзе і Мун Чжэ Іна у 2018 і 2021 гадах. Па словах арцыбіскупа Галахера, у гэты перыяд Евангелле з вялікай жыццёвай сілай укаранілася ў Паўднёвай Карэі. За гэты час краіна ператварылася "з місійнай зямлі ў месца, адкуль адпраўляюцца шматлікія місіянеры", - дадаў ён.

Даследчы праект выявіў таксама дакументы, якія сведчаць аб дапамозе, аказанай тагачасным арцыбіскупам Ранкалі, будучым Папам Янам XXIII, карэйскай дэлегацыі ў ААН у 1948 годзе. Арцыбіскуп Ранкалі ўнёс уклад у прызнанне Рэспублікі Карэя ААН.

Касцёл і дыпламатыя: знакі надзеі

Затым арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што захаванне мінулага – бясплодная дзейнасць, калі яна не вядзе да адшукання ў ім рэсурсаў для таго, каб супрацьстаяць "надзеям і выклікам будучыні".

Перад тварам таго, што Святы Айцец называе фрагментарнай Трэцяй сусветнай вайной, а таксама такіх з'яў, як гонка ўзбраенняў, ядзерная пагроза і тэрарызм, Касцёл і дыпламатычныя структуры аб'яднаны адной і той жа задачай: быць знакам надзеі, сведчыць аб тым, што вайна не непазбежная, наадварот, яе можна пераадолець шляхам дыялогу.

З гэтага пункту гледжання папская дыпламатыя становіцца "інструментам на службе чалавечага суіснавання і голасам, які пры кожным магчымым выпадку пацвярджае агульнае імкненне да стабільнасці, бяспекі і міру". Да міру, які не з'яўляецца проста балансам сіл, а сапраўдным мірам, заснаваным на справядлівасці.

У завяршэнні прамовы арцыбіскуп Галахер выказаў надзею на пашырэнне супрацоўніцтва Святога Пасада і Паўднёвай Карэі "у вырашэнні сур'ёзных праблем, якія стаяць перад сучаснасцю і будучыняй свету, асабліва ва ўсходнеазіяцкім рэгіёне".

22 лістапада 2023, 10:50