Арцыбіскуп Галахер адправіўся ў Паўднёвую Карэю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
21 лістапада Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі выступіў з дакладам на навуковым сімпозіуме на тэму Быць ахоўнікамі памяці і надзеі, прысвечаным юбілею дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Паўднёвай Карэяй.
Затым ватыканскі іерарх узначаліць святую Імшу у санктуарыі першых карэйскіх мучанікаў у Сеуле, у якой будуць браць удзел прадстаўнікі мясцовай каталіцкай супольнасці і карэйскія дэпутаты, якія прыналежаць да каталіцкай канфесіі.
Арцыбіскуп Галахер наведае таксама выставу пад назвай Разам на карысць агульнага дабра. На заканчэнне першага дня візіту ён правядзе нефармальную сустрэчу з некаторымі біскупамі.
На наступны дзень, 22 лістапада, прадстаўнік Святога Айца сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам і намеснікам Міністра замежных спраў Паўднёвай Карэі, наведае сеульскі палац Кёнбакун і так званы Сіні дом – афіцыйную рэзідэнцыю Прэзідэнта Паўднёвай Карэі. Затым ён прыме ўдзел у нефармальнай сустрэчы з некаторымі членамі дыпламатычнага корпуса.