Арцыбіскуп Пол Галахер і Міністр замежных спраў Паўднёвай Карэі Пак Чын. Архіўнае фота (1 жніўня 2023) Арцыбіскуп Пол Галахер і Міністр замежных спраў Паўднёвай Карэі Пак Чын. Архіўнае фота (1 жніўня 2023) 

Арцыбіскуп Галахер адправіўся ў Паўднёвую Карэю

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер адправіўся ў Паўднёвую Карэю. Візіт будзе працягвацца з 20 па 23 лістапада 2023 года. Ён прымеркаваны да 60-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай краінай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 лістапада Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі выступіў з дакладам на навуковым сімпозіуме на тэму Быць ахоўнікамі памяці і надзеі, прысвечаным юбілею дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Паўднёвай Карэяй.

Затым ватыканскі іерарх узначаліць святую Імшу у санктуарыі першых карэйскіх мучанікаў у Сеуле, у якой будуць браць удзел прадстаўнікі мясцовай каталіцкай супольнасці і карэйскія дэпутаты, якія прыналежаць да каталіцкай канфесіі.

Арцыбіскуп Галахер наведае таксама выставу пад назвай Разам на карысць агульнага дабра. На заканчэнне першага дня візіту ён правядзе нефармальную сустрэчу з некаторымі біскупамі.

На наступны дзень, 22 лістапада, прадстаўнік Святога Айца сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам і намеснікам Міністра замежных спраў Паўднёвай Карэі, наведае сеульскі палац Кёнбакун і так званы Сіні дом – афіцыйную рэзідэнцыю Прэзідэнта Паўднёвай Карэі. Затым ён прыме ўдзел у нефармальнай сустрэчы з некаторымі членамі дыпламатычнага корпуса.
 

21 лістапада 2023, 12:06