Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер здзейсніць афіцыйны візіт у Аўстралію

5-10 лістапада 2023 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, здзейсніць візіт у Аўстралію.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падарожжа будзе прымеркавана да 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Аўстраліяй. У рамках візіту 5 лістапада ватыканскі іерарх узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Панны Марыі ў Сіднеі.

На наступны дзень ён прачытае лекцыю у Аўстралійскім каталіцкім універсітэце, сустрэнецца з мясцовым каталіцкім епіскапатам і радай Усходніх Цэркваў. 7 лістапада арцыбіскуп Галахер будзе прысутнічаць на ўрачыстым прыёме ў Апостальскай нунцыятуры ў Канберы.

8 лістапада папскі дыпламат правядзе перамовы з Міністрам гандлю і турызму Аўстраліі Донам Фарэрам, а потым з Генерал-губернатарам Аўстраліі Дэвідам Джонам Хёрлі.

9 лістапада арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з супольнасцю карэнных народаў, а таксама з мясцовым духавенствам, пасля чаго ўзначаліць эўхарыстычную цэлебрацыю ў катэдральным касцёле святога Патрыка ў Мельбурне. У апошні дзень візіту ён сустрэнецца з Міністрам замежных спраў Аўстраліі Пэні Вонгам і працытае лекцыю ва Універсітэце Нотр-Дам у Перце.
 

04 лістапада 2023, 12:29