Камісія па справах навамучанікаў прыступіла да працы
Марыя Валодзіна – Vatican News
Працоўная група, створаная Францішкам пры Дыкастэрыі па справах кананізацыі, распачала сваю дзейнасць у сувязі з набліжэннем Юбілею-2025.
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, даследаванне мучаніцтваў хрысціянскіх вернікаў – святароў, законнікаў, свецкіх – будуць праводзіцца на аснове дадзеных Fides і іншых агенцтваў, а таксама новых даследаванняў з удзелам біскупаў, рэлігійных супольнасцей і тых, хто захоўвае памяць аб гэтых хрысціянах.
Першы этап працы засяродзіцца на перыядзе з 2000 года па цяперашні час. На сённяшні дзень налічваецца больш за 550 сведак веры, абставіны служэння і смерці якіх вядомыя Касцёлу. Плануецца стварыць сайт, які будзе праліваць свет на працу Камісіі.
Напрамкі дзейнасці і метадалогія
Удзельнікі пасяджэння намецілі асноўныя напрамкі дзейнасці і метадалогію працы Камісіі, а таксама вызначылі магчымыя шляхі знешняга супрацоўніцтва, асабліва неабходнага для рэканструкцыі кантынентальнага, рэгіянальнага і нацыянальнага кантэксту, у якім адбылося мучаніцтва. Быў згаданы таксама ўнёсак вернікаў Усходніх Цэркваў, з асаблівай увагай да Блізкага Усходу і Азіі. Камісія нагадала таксама аб экуменічнай каштоўнасці мучаніцтва ў шырокім сэнсе і неабходнасці ўлічваць багацце сведчання, прапанаванага хрысціянамі іншых канфесій. Старшыня Камісіі, арцыбіскуп Фабіа Фабэнэ паведаміў пра людскія і тэхнічныя рэсурсы, якія Дыкастэрыя па справах кананізацыі вылучыла для выканання пастаўленай задачы.
Святло надзеі
Сумесна з віцэ-старшынёй Камісіі Андрэа Рыкардзі былі разгледжаны папярэднія даследаванні і прапанаваны тэмы будучых даследаванняў.
Сведкі веры, чыё жыццё і смерць адзначаны Евангеллем, любоўю да самых слабых, імкненнем да міру і супрацьстаяннем злу “ўяўляюць сабой святло надзеі і сціплы, але красамоўны голас, які заклікае да вышэйшага дабра, адзінства чалавечай сям'і і бяззбройнай сілы хрысціян", - гаворыцца ў паведамленні.