Папа на абедзе з беднымі з нагоды Сусветнага дня бедных 13 лістапада 2022 года. Архіўнае фота Папа на абедзе з беднымі з нагоды Сусветнага дня бедных 13 лістапада 2022 года. Архіўнае фота  (ANSA)

Кардынал Краеўскі: за сталом з Папам збяруцца бяздомныя Рыма

У Сусветны дзень бедных у Ватыкане за сталом з Папам збяруцца людзі, якія жывуць на вуліцах Рыма. Праблема бяздомнасці ў Вечным горадзе вельмі маштабная: тут жыве восем тысяч чалавек, які не маюць даху над галавой.

Ян Глінскі

“Мы рыхтуемся да гэтага дня, бо гэта свайго роду падзея, можа, нават пэўны асаблівы момант, бо разам з Папам – падчас Эўхарыстыі і за супольным сталом – мы будзем перажываць гэты дзень”, - падзяліўся планамі кардынал Конрад Краеўскі. Сёлета Сусветны дзень бедных будзе адзначацца 19 лістапада.

Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні адзначыў, што дапамога самым бедным рэалізуецца бесперапынна, але таксама вельмі патрэбныя такія супольныя моманты.

У інтэрв’ю для Vatican News іерарх падкрэсліў, што Папа Францішак ад самага пачатку свайго пантыфікату вучыць не адварочвацца ад бедных і заахвочвае да крэатыўнага нясення дапамогі. Новыя праекты, як дадаў прэфект, не прыдумваюцца за сталом, але нараджаюцца з канкрэтнай неабходнасці. Так, напрыклад, былі адкрыты пры плошчы Святога Пятра паліклініка, душавая і цырульня для бедных, а таксама месца для начлега.

“У гэтым годзе Святы Айцец ізноў запрашае ў залу Паўла VI. Будзе каля 1200 бяздомных разам з валанцёрамі, з якімі ён раздзеліць супольны пасілак”, – адзначыў кардынал Краеўскі.

Падрыхтоўка да Сусветнага дня бедных уключае перш за ўсё практычныя дзеянні: так на гадзіну даўжэй на працягу бягучага тыдня працуе ватыканская амбулаторыя пад Каланадай Берніні. Кожны дзень там атрымліваюць дапамогу і праходзяць базавыя даследаванні каля 70 бяздомных, асабліва тыя, хто не мае дакументаў. У амбулаторыі бедныя могуць атрымаць таксама лекі з ватыканскай аптэкі, бясплатна.

У ватыканскай паліклініцы для бедных штомесяц аказваюцца паслугі каля 700 патрабуючым. Апошнім часам колькасць пацыентаў падвоілася. Па дапамогу ўсё часцей звяртаюцца бяднеючыя сем’і і самотныя людзі, якія з-за эканамічнага крызісу не ў стане аплаціць сабе лячэнне.

Як нагадаў кардынал, Пантыфік заахвочвае парафіі, законныя супольнасці, а таксама свецкіх вернікаў у Сусветны дзень бедных запрасіць у свой дом “за супольны стол хаця б адну патрабуючую асобу”.

“Гэта вельмі важнае пасланне, каб мы былі чулымі, нават калі не можам дапамагчы, каб не заставаліся абыякавымі. Бо супрацьпастаўленнем любові з’яўляецца абыякавасць. І гэта, хіба што найгоршае, што магло б з намі здарыцца. Памятаем беднага, які ляжаў пад лесвіцай вельмі багатага чалавека, і той не зарыентаваўся, што гэты бедны быў для яго. Я думаю, што для Святога Айца важна менавіта тое, каб мы заўважылі тых, хто вакол нас, хто жыве на лесвіцах у нашых пад’ездах, каля нашых дамоў. Для яго важна, каб мы не былі абыякавымі”, – дадаў іерарх.

Прэфект прыгадаў, як у першыя дні свайго служэння пачуў ад Францішка, што на пачатку будзе складана, але хутка прыйдзе свядомасць, што прабыванне з беднымі з’яўляецца найпрыгажэйшай часткай хрысціянскага жыцця.
 

17 лістапада 2023, 07:17