Сікстынскую капэлу Сікстынскую капэлу 

Мецэнаты Ватыканскіх музеяў сабраліся ў Рыме

З 8 па 10 лістапада ў Ватыкане праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 40-годдзю праекта Мецэнаты ў Ватыканскіх музеях, дзякуючы якому захоўваецца бясцэнная спадчына.

Праект нарадзіўся ў 1983 годзе паміж Каліфорніяй і Нью-Йоркам. Годам раней Святы Пасад прадставіў у ЗША перасоўную выставу Ватыканскія калекцыі. Папства і мастацтва. Яна выклікала ў многіх наведвальнікаў жаданне паўдзельнічаць у дапамозе Музеям і прынесці карысць мастацтву сваімі ахвяраваннямі.

Спадчыннікі былых мецэнатаў і новыя Сябры Ватыканскіх музеяў, якія ў канцы 1960-х спрычыніліся да стварэння папскай калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва, сёння працуюць у некалькіх амерыканскіх штатах і больш чым у дзевяці краінах свету, уключаючы Еўропу і Азію, і вядуць актыўную дзейнасць па зборы сродкаў.

За 40 гадоў, дзякуючы шчодрасці ахвярадаўцаў, удалося аднавіць унікальныя шэдэўры Ватыканскіх музеяў: фрэскі ў пакоях Рафаэля, Галерэю карт, Паўлінскую капэлу, Галерэю кандэлябраў і Двор Піні.

“Давайце крочыць разам, як запрасіў нас Папа падчас толькі што завершанага Сінода па сінадальнасці. Мы ідзём разам ужо сорак гадоў”, - сказаў у Aula Nuova кардынал Фернанда Вергес Альсага, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, адкрываючы канферэнцыю, зладжаную ў Рыме з нагоды юбілею.

У такі драматычны час мастацтва паклікана “будаваць масты” і “спрыяць міру”, падкрэсліў іерарх, называючы мецэнатаў незаменным сэрцам, якое б’ецца, без якога Ватыканскія музеі не змаглі б выканаць сваю задачу па захаванні прыгажосці.

“Дзяліцца мастацтвам і верай” – гэта місія папскіх калекцый, падкрэсліла дырэктар Барбара Ята, прывёўшы ў якасці прыкладу нядаўнюю рэстаўрацыю абраза Salus Populi Romani, так дарагога Папу Францішку.

“Быць мецэнатам Ватыканскіх музеяў, - па словах Барбары Яты, - азначае заставацца ў пэўным сэнсе бацькамі і, такім чынам, гарантамі і захавальнікамі спадчыны гісторыі, культуры і веры, якую Касцёл даверыў нам захоўваць, паважаць і шанаваць”.

У святкаванні 40-годдзя бяруць удзел каля 300 дабрачынцаў. У гэтыя дні яны наведаюць залы Ватыканскіх музеяў, Апостальскі палац у Кастэль-Гандольфа і базіліку Санта-Марыя-Маджорэ. 9 лістапада 2023 года ў Клементыйскай зале адбудзецца доўгачаканая сустрэча з Папам.
 

08 лістапада 2023, 10:43