Патрыстычны інстытут Аўгустыніянум у Рыме Патрыстычны інстытут Аўгустыніянум у Рыме 

У Ватыкане размаўляюць пра святасць у часы канфліктаў

Святасць – гэта не толькі статычнае захаванне дасканаласці маральнага жыцця, але дынаміка адносін, тактыльнае перажыванне самога жыцця Бога, - падкрэсліў кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

13 лістапада 2023 года прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі адкрыў трохдзённую даследчую канферэнцыю Супольнае вымярэнне святасці, арганізаваную Дыкастэрыяй па справах кананізацыі ў Патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум у Рыме.

У інтэрв’ю Vatican News кардынал дэ Мендонса задаўся пытаннем, як гаварыць пра святасць у выпадку людзей, балюча параненых вайной. “Святасць – гэта прапанова Бога рэалізаваць на практыцы тое, чым ёсць Бог. Святасць – гэта не штосьці іншае, як прырода Бога. Гэта таямніца самога Бога, якую Ён падзяляе. Гэта не проста датычнасць да таямніцы Трансцэндэнтнасці, якую нам цяжка цалкам зразумець. Гэта тое, што мы ведаем, таму што гэта дабро, якое мы можам зрабіць, гэта канкрэтны запавет любові, справядлівасці, салідарнасці, грамадскага сяброўства, які мы можам актывізаваць у нашым штодзённым жыцці”, - патлумачыў іерарх.

У гэтым святле “вайна з’яўляецца супрацьлегласцю святасці” - заўважыў ён, - бо “святасць Бога патрабуе ад нас любові, разумення, згоды і міру”.

“Мы ўсе павінны маліцца ў сённяшнім кантэксце, таму што гэта сітуацыя нялёгкая ні для каго. Мы павінны настойваць, як гэта робіць Святы Айцец, і казаць, што дастаткова насілля, быць у стане, выкарыстоўваючы шляхі сустрэчы і дыялогу, па-сапраўднаму раскрыць сябе па вобразу і падабенству Божаму”, - сказаў кардынал дэ Мендонса ў кулуарах ватыканскай канферэнцыі.
 

14 лістапада 2023, 13:40