Універсітэты і Святы Пасад сумесна абмяркоўваюць рэарганізацыю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як гаворыцца ў паведамленні Залы Друку, рэктары і дэканы шасці папскіх ВНУ, адміністрацыйна залежных ад Святога Пасада (Латэранскага і Урбаніянскага ўніверсітэтаў, Інстытута хрысціянскай археалогіі, Інстытута духоўнай музыкі, Інстытута арабскіх і ісламскіх даследаванняў, Тэалагічнага інстытута Яна Паўла ІІ навук аб сужэнстве і сям’і) правялі круглы стол з прадстаўнікамі Дзяржсакратарыята, Дыкастэрый па евангелізацыі і па камунікацыі, Сакратарыята па эканамічных пытаннях, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, Агенцтва Святога Пасада па ацэнцы і павышэнню якасці касцёльных універсітэтаў і факультэтаў (AVEPRO) і экспертамі.
Ад імя Папы каардынавала працоўныя дыскусіі Дыкастэрыя па культуры і адукацыі. Мэтай была “сумесная распрацоўка новай мадэлі супрацоўніцтва і сінэргіі, здольнай адказаць на бягучыя і будучыя выклікі, якія стаяць перад Касцёлам у галіне яго акадэмічнай дзейнасці".
Адпраўным пунктам для дыскусіі стаў сумесны аналіз ідэнтычнасці розных інстытутаў. Яны павінны ўмацоўваць свае асобныя факультэты і спрыяць супольнай місіі Касцёла, а не змагацца адзін з адным за студэнтаў.
У цяперашні час у Рыме існуе 17 сярэдніх і малых папскіх універсітэтаў, калегіумаў, факультэтаў і інстытутаў. Большасць з іх гадамі пакутуюць ад зніжэння колькасці студэнтаў.