Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан заключыў экалагічнае партнёрства з Volkswagen

Губернатарат Ватыкана запусціў праграму развіцця ўстойлівай мабільнасці, накіраваную на скарачэнне выкідаў CO2 сваім аўтапаркам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для гэтага плануецца: паступова замяніць дзяржаўныя аўтамабілі на электрамабілі, каб да 2030 года зрабіць аўтапарк вугляродна-нейтральным; стварыць уласную сетку падзарадкі ў Дзяржаве і ў экстэрытарыяльных адзінках, распаўсюджваючы яе выкарыстанне на супрацоўнікаў; забяспечыць патрэбнасці ў энергіі выключна за кошт аднаўляльных крыніц.

Першым стратэгічным партнёрам у праекце стала Volkswagen Group, якая імкнецца стаць кампаніяй з нулявым выкідам вугляроду да 2050 года і скараціць выкіды вугляроду ад сваіх аўтамабіляў на 30% да 2030 года. Яна прапануе Ватыкану аўтамабілі марак Volkswagen і Škoda па формуле сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай арэнды.

Пагадненне аб партнёрстве ў рамках праграмы развіцця ўстойлівай мабільнасці Экалагічнае пераўтварэнне 2030 было падпісана 15 лістапада 2023 года.

У адмысловым паведамленні гаворыцца, што мостам паміж экалагічнай палітыкай і ўказаннямі і рэкамендацыямі Пантыфіка стала ратыфікацыя Святым Пасадам Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб змяненні клімату і Парыжскіх пагадненняў.

Адзначаецца, што для дасягнення нейтралітэту спатрэбяцца інвестыцыі ў тэхналагічныя структуры з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, кампенсацыі выкідаў, якія ўтвараюцца ў адным сектары, за кошт іх скарачэння ў іншым, але, перш за ўсё, прасоўвання электрычнай і гібрыднай мабільнасці.

Губернатарат імкнецца да дасягнення кліматычнай нейтральнасці праз адказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, рэалізацыю праектаў, накіраваных на павышэнне энергаэфектыўнасці і абнаўленне сваіх тэхналагічных актываў, устойлівую мабільнасць, дыверсіфікацыю і пастаўкі больш чыстых і альтэрнатыўных энергетычных прадуктаў для транспарту, утылізацыю адходаў і распрацоўку праектаў лесааднаўлення.
 

16 лістапада 2023, 09:21