Благаслаўлёны Юзаф Ульма (у цэнтры) Благаслаўлёны Юзаф Ульма (у цэнтры) 

Кардынал Сэмерара: у фатографаў можа з’явіцца свой апякун

У Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме адкрылася фотавыстава “Благаслаўлёныя мучанікі з Маркава”, прысвечаная польскай сям’і Ульмаў, беатыфікацыя якой адбылася ў верасні гэтага года.

Ян Глінскі

На выставе прадстаўлены здымкі двух аўтараў: благаслаўлёнага Юзафа Ульмы і фатографа Гжэгожа Галонзкі, які ўвекавечыў момант беатыфікацыі.

“Я не ведаю, ці ёсць іншыя святыя або благаслаўлёныя, жыццё якіх так добра задакументавана праз фатаграфію. А гэта заслуга благаслаўлёнага Юзафа Ульмы. Магчыма, ён мог бы быць абвешчаны заступнікам фатографаў”, – падзяліўся сваім меркаваннем падчас адкрыцця выставы кардынал Марчэла Сэмерара.

Іерарх, будучы прэфектам Дыкастэрыі па справах кананізацыі, звярнуў увагу на унікальны характар беатыфікацыі сям’і Ульмаў: упершыню была беатыфікавана ўся сям’я, якая была прыкладам веры і хрысціянскага жыцця ў часы пераследу нямецкімі нацыстамі.

Кардынал Сэмерара падкрэсліў, што гэтая сям’я чэрпала сілы са святых сакрамэнтаў і веры: “Сям’я Ульмаў з’яўляецца прыкладам сужэнскага адзінства, выхавання дзяцей і гасціннасці, адкрытасці на іншых”.

Падчас цырымоніі рэктар папскай адукацыйнай установы ксёндз прафесар Луіс Навара нагадаў, што два гады таму ў гэтым універсітэце праходзіў сімпозіум на тэму святасці сем’яў. Тады яго ўдзельнікі пачулі і пра сям’ю Ульмаў. Спасылаючыся на словы Папы Францішка аб прыкладзе хрысціянскага жыцця Ульмаў, ксёндз рэктар падкрэсліў, што гэтая благаслаўлёная сям’я можа быць натхненнем для сучасных сем’яў.

Пасол Польшчы пры Святым Пасадзе Адам Квяткоўскі, прысутны на выставе, назваў сям’ю Ульмаў іконай іншых палякаў, якія ратавалі яўрэйскае насельніцтва ў час Халакосту, а таксама прыкладам для нашага часу.

У сваю чаргу маршал Падкарпацкага ваяводства Уладзіслаў Ортыль распавёў пра намаганні ваяводства, каб Ульмы былі абвешчаны заступнікамі Падкарпацця. Ён анансаваў, што сярод амаль сотні батлеек на ватыканскай плошчы Святога Пятра будзе і батлейка з Маркава, з інсталяванымі ў ёй фігурамі сям’і Ульмаў.

На адкрыцці ўзяў слова і фатограф Гжэгаж Галонзка: “Юзаф Ульма – першы фатограф, вынесены да хвалы алтароў. Таму я з вялікай радасцю прыняў словы кардынала Сэмерара, што ён мог бы быць нашым заступнікам”.

Выстава Благаслаўлёныя мучанікі з Маркава арганізавана Пасольствам Польшчы пры Святым Пасадзе, а таксама маршальскім упраўленнем Падкарпацкага ваяводства ў супрацоўніцтве з Папскім універсітэтам Святога Крыжа ў Рыме. Да гэтай падзеі выдавецтвам Bernardinum быў выдадзены фотаальбом з аднайменнай назвай.
 

08 снежня 2023, 13:09