Папскі дабрачынца: Святая Зямля патрабуе сапраўднага міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
26 снежня 2023 года, у перадапошні дзень свайго падарожжа, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні адведаў назарэцкую базіліку Звеставання, дзе маліўся за мір разам з пробашчам адзінай каталіцкай парафіі ў Газе і мясцовымі хрысціянамі розных канфесій.
Затым папскі пасланнік сустрэўся з каталіцкімі манаскімі супольнасцямі, якія нясуць служэнне ў Назарэце, і правёў малітву на Гары благаслаўленняў ля берагу Тыберыядскага возера, дзе паразважаў над словамі Езуса з Нагорнага казання: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі”.
“Мы прасілі Бога: дазволь нам знайсці тую справядлівасць, толькі дзякуючы якой можна забяспечыць стабільны і сапраўдны мір. Мы маліліся за такі мір: стабільны і сапраўдны. Не толькі за спыненне агню, але за мір у нашых сэрцах і паміж намі. Зямля Газы мае патрэбу ў міры”, - сказаў іерарх у каментары для Vatican News.
27 снежня кардынал Краеўскі адведаў сясцёр Місіянерак Любові ў Іерусаліме, з якімі раздзяліў трывогу за трох законніц з гэтай супольнасці, якія знаходзяцца ў сектары Газа і з якімі згубілася сувязь. Увечары Апостальскі элемазінарый вернецца ў Ватыкан.