Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін   (TK KBS/ Peter Hric)

Кардынал Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Сенегал

Сенегал і Святы Пасад супрацоўнічаюць у агульных мэтах, уключаючы "высакародную справу міру і справядлівасці ва ўсім свеце", пачынаючы з рэгіёнаў Сахеля, і "адказнае кіраванне агульным домам".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал П’етра Паралін падчас свайго візіту ў Сенегал з нагоды асвячэння 9 снежня 2023 года новага нацыянальнага марыйнага санктуарыя ў Папенгіне, прыбярэжным горадзе на поўдзень ад Дакара.

У санктуарыі, названым Нотр-Дам-дэ-ла-Дэліўранд-дэ-Папенгін, з 1889 года знаходзіцца статуя Чорнай Мадонны, якую асабліва шануе сенегальская каталіцкая супольнасць. Яна была бласлаўлёная Янам Паўлам II падчас яго візіту ў афрыканскую краіну ў 1992 годзе.

Падчас свайго падарожжа кардынал Паралін сустрэўся з міністрам унутраных спраў краіны і іншымі міністрамі ў рамках двухбаковай сустрэчы. Затым ён зачытаў заяву для мясцовых СМІ, у якой, цытуючы Папу Францішка, нагадаў аб “выдатных і плённых дыпламатычных адносінах”, узаемна ўсталяваных больш за шэсцьдзясят гадоў таму, “заснаваных на ўзаемнай павазе, талерантнасці і братэрстве”, а таксама на сумесных дзеяннях на карысць найбольш уразлівых асоб.

Іерарх казаў і пра “агульныя мэты”, звяртаючы ўвагу на “заклапочанасць лёсам чалавецтва і стабільнасць, у тым ліку краін афрыканскага кантынента”, “пастаянны пошук шчырага і братэрскага дыялогу дзеля мірных і справядлівых рашэнняў бягучых міжнародных канфліктаў”. “Усё гэта патрабуе справядлівага і функцыянальнага грамадства, якое паважае чалавечую годнасць і асноўныя правы суполак і кожнага чалавека”, - сказаў ён.

Затым Дзяржсакратар закрануў пытанне мігрантаў і выказаў заклапочанасць “усім, што звязана з глабальным пацяпленнем” і “справядлівым размеркаваннем вады”.

Ад імя Папы і Каталіцкага Касцёла ў Сенегале ён запэўніў у "цвёрдай волі працаваць разам на карысць усіх, у духу ўзаемнай павагі, развіваць дыялог, сяброўства і міжрэлігійнае супрацоўніцтва ў імя ўсё больш і больш мірнага і справядлівага суіснавання для ўсіх".

Напрыканцы кардынал Паралін выказаў надзею: “Наша вера ў Бога, які ёсць Любоў і Міласэрнасць, павінна дазволіць нам пераадолець усе нягоды і падзелы, якія могуць пагражаць. Бог заклікае нас пераадольваць іх, шукаючы ўсеагульнага братэрства”.
 

11 снежня 2023, 10:06