Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Прэфект дыкастэрыі пра прымяненне дэкларацыі Fiducia supplicans

Асобным мясцовым біскупам і біскупскім канферэнцыям неабходна вызначыцца з ужываннем дэкларацыі Fiducia supplicans, - сказаў прэфект Дыкастэрыі веравучэння, каментуючы неахвотнае стаўленне да яе многіх іерархаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент, падрыхтаваны Дыкастэрыяй, адрознівае літургічнае благаслаўленне ад іншага, якое носіць нефармальны характар, і заахвочвае да благаслаўлення людзей у “нерэгулярным становішчы”, агаворваючы, што такое благаслаўленне нельга блытаць з адабрэннем паводзін або абставін, якія супярэчаць веравучэнню.

У інтэрв’ю, апублікаваным у іспанскай ABC, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс адказаў на крытыку і розныя меркаванні, выказаныя кардыналамі, біскупамі і біскупскімі канферэнцыямі, сцвярджаючы, што “калі прачытаць тэкст з правільным настроем, то можна ўбачыць, што ён з высокім узроўнем яснасці і прастатой падтрымлівае векавое каталіцкае вучэнне аб сужэнстве і чалавечай сексуальнасці”.

Іерарх адзначыў, што асабліва ў Афрыцы, дзе існуе заканадаўства, якое карае турэмным зняволеннем за сам факт прызнання сябе геем, можна ўявіць, які рэзананс атрымае благаслаўленне аднаполых пар. Ён дадаў, што “кожны мясцовы біскуп павінен сам вырашаць гэтае пытанне ў сваёй дыяцэзіі і ў любым выпадку даваць далейшыя ўказанні”.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння падкрэсліў, што неафіцыйнае або душпастырскае благаслаўленне, дазволенае Fiducia supplicans, не азначае ў выпадку гомасексуальных людзей “ні згоды на шлюб, ні адабрэння ладу жыцця, які яны вядуць, ні адпушчэння грахоў”, “гэта просты жэст душпастырскай блізкасці, да якога не прад'яўляюцца такія патрабаванні, як да сакрамэнту”.

“Нам давядзецца прывыкнуць да разумення таго, што калі святар дае такое простае благаслаўленне, ён не ерэтык, ён нічога не ратыфікуе і не супярэчыць каталіцкай дактрыне аб сужэнстве”, - дадаў кардынал.

Адказваючы на пытанне, ці з’яўляецца Дэкларацыя першым крокам да прыняцця гомасексуальных паводзін або прыраўноўвання сужэнства да аднаполых саюзаў, Фернандэс сказаў, што “такое ўспрыманне цалкам памылковае”.
 

30 снежня 2023, 09:00