Папа Францішак на пасяджэнні Рады кардыналаў Папа Францішак на пасяджэнні Рады кардыналаў 

Рада кардыналаў разважала пра ролю жанчын у Касцёле

Пытанне аб ролі жанчын у Касцёле было цэнтральным падчас пасяджэння Рады кардыналаў па дапамозе Папу ў кіраванні Касцёлам, якое 4-5 снежня 2023 года адбылося ў ватыканскім Доме святой Марты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нарада прайшла пад старшынствам Святога Айца. У ёй бралі ўдзел усе члены Рады, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. У рамках дыскусіі аб ролі жанчын у Касцёле ўдзельнікі сустрэчы выслухалі даклады сястры Лінды Покер з кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, выкладчыцы хрысталогіі і марыялогіі на Папскім педагагічным факультэце Аўксіліум; Лючыі Ванціні, якая выкладае фундаментальную тэалогію, філасофію рэлігіі і філасофію пазнання ў Інстытуце рэлігійных навук у Вероне, філасофскую і тэалагічную антрапалогію ва Універсітэце імя святога Зянона ў Вероне і філасофію дыялогу ў Інстытуце экуменічных даследаванняў імя святога Бэрнардзіна ў Венецыі; і ксяндза Лукі Касцільёні з Міланскай дыяцэзіі, выкладчыка фундаментальнай тэалогіі ў Міланскай семінарыі.

Рада кардыналаў пагадзілася з неабходнасцю прыслухоўвацца да жаночага аспекту Касцёла, таксама і перш за ўсё ў асобных хрысціянскіх супольнасцях, каб працэсы рэфлексіі і прыняцця рашэнняў маглі карыстацца неад’емным укладам жанчын.

Была разгледжана сучасная сацыяльная, палітычная і касцёльная сітуацыя ў розных рэгіёнах паходжання членаў Рады, з асаблівай увагай да канфлікту ва Украіне і сур’ёзнай сітуацыі ў Святой Зямлі, а таксама да працы Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ААН па змяненні клімату (СOP28) у Дубаі.

Кардынал Шон Патрык О’Мэлі праілюстраваў розныя гіпотэзы адносна арганізацыі асамблей епіскапатаў праз пяць гадоў пасля сустрэчы аб прадухіленні злоўжыванняў адносна непаўналетніх і ўразлівых людзей, якая адбылася ў лютым 2019 года, якія затым былі прадметам абмеркавання і ацэнкі членаў Рады.

Сустрэча стала магчымасцю абмеркаваць першую сесію Сінода аб сінадальнасці і працягнуць разважанне над рэалізацыяй духу, прынцыпаў і крытэрыяў Апостальскай канстытуцыі Praedicate evangelium у дыяцэзіяльных курыях.

Наступная сесія Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам адбудзецца ў лютым 2024 года.
 

06 снежня 2023, 14:18