Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі веравучэння 

Святы Пасад: маці-адзіночкі могуць спавядацца і прымаць Камунію

Маці-адзіночак, якія, часта знаходзячыся ў складаных абставінах, "зрабілі выбар на карысць жыцця і з гэтай прычыны апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі, варта заахвочваць да доступу да збаўчай і суцяшальнай сілы сакрамэнтаў".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым гаворыцца ў зацверджаным Папам лісце прэфекта Дыкастэрыі веравучэння, кардынала Віктара Мануэля Фернандэса, у якім гучаць адказы на пытанні, якія паступілі ў Святы Пасад з Дамініканскай Рэспублікі. Яны тычацца праблем, якія існуюць у Лацінскай Амерыцы.

Тэкст быў адрасаваны біскупу Рамону Альфрэда дэ ла Круз Балдэры. Выказаныя ім сумненні тычацца рэакцыі некаторых маладых жанчын перад прыняццем сакрамэнтаў, якія баяцца "строгасці духавенства і адказных асоб у супольнасцях". У адказе адзначаецца, што, сапраўды, “у некаторых краінах як святары, так і некаторыя свецкія вернікі не дазваляюць маці, якія маюць дзяцей па-за шлюбам”, нават хрысціць іх.

У дакуменце нагадваецца, што жанчыны ў такой сітуацыі маюць поўнае права ўдзельнічаць у сакрамэнтальным жыцці Касцёла, а значыць, таксама спавядацца і прымаць Камунію. Больш за тое, пра іх трэба клапаціцца, каб яны і іх дзеці мелі здаровае асяроддзе і каб ім не даводзілася шукаць сродкі для выжывання спосабамі, якія прыніжаюць іх годнасць. Тым больш што маці-адзіночкі выразна і гераічна выбралі жыццё і змагаюцца за яго часцей за ўсё кожны дзень.
 

14 снежня 2023, 16:26