Ватыкан: публікацыя 130 непублічных казанняў Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Зборнік будзе змяшчаць у агульнай складанасці 130 пропаведзяў, у тым ліку больш за трыццаць, якія Бэнэдыкт XVI прамовіў у вузкім коле ў гады свайго пантыфікату, і больш за сотню ў першыя гады пасля сыходу з Пасаду Пятра. Казанні гучалі на італьянскай мове.
Публікацыяй займаецца Ватыканскае выдавецтва. Яно ж адказнае за выданні на іншых мовах.
Кансэкраваныя жанчыны з Memores Domini, якія апекаваліся Папам-эмерытам, запісвалі пропаведзі на дыктафон, а потым іх расшыфроўвалі. Ён не ведаў, што ідзе запіс яго слоў падчас Імшы. Выканаўца завяшчання Бэнэдыкта XVI арцыбіскуп Георг Генсвайн перадаў транскрыпцыю казанняў Ватыканскаму выдавецтву і Фонду Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI для іх магчымай публікацыі.
Гамілія на 4-ю Нядзелю Адвэнту была апублікавана 23 снежня 2024 года адначасова ў нямецкім выданні Welt am Sonntag і ў ватыканскай L`Osservatore Romano.
Бэнэдыкт XVI – адзін з найбольш чытаных рэлігійных і духоўных аўтараў у нямецкамоўным свеце. Ён памёр у навагоднюю ноч 2022 года ва ўзросце 95 гадоў.