Ватыканскі астраном пра чытанне Бібліі ў космасе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Езуіт Гай Кастальманьё нагадаў, што 1968 год прынёс шмат смутку амерыканцам: быў забіты Марцін Лютэр Кінг, ішла вайна ў В’етнаме і пратэсты супраць яе. Касмічнай праграме Апалон, пачатак якой даў прэзідэнт Джон Кенэдзі, спадарожнічаў шэраг выпадкаў і катастроф: няўдача беспілотнага палёту Апалона-6 і пажар у капсуле ракеты 27 студзеня 1967 года, у выніку якога загінулі тры астранаўты.
Нягледзячы на гэта ў снежні 1968 года ў космас была скіравана чарговая місія – Апалон-8, у склад якой уваходзілі Фрэнк Борман, Джэймс Ловэл і Вільям Андэрс. Яны выйшлі на калямесячную арбіту ў вігілію Божага Нараджэння. За палётам сачылі каля мільярда людзей ва ўсім свеце і НАСА, не прапануючы нічога, папрасіла астранаўтам сказаць “нешта адпаведнае”. Удзельнікі экіпажу ўзялі Біблію і па чарзе прачыталі ў прамым эфіры ўрывак пра стварэнне Богам сусвету.
Цяперашні дырэктар ватыканскай астранамічнай абсерваторыі быў тады падлеткам і глядзеў гэту трансляцыю. “Выбар гэтага фрагменту Святога Пісання зрабіў на мяне глыбокае ўражанне. Я быў таксама здзіўлены, бо думаў, што яны прачытаюць тэкст псальма: “Нябёсы будуць праслаўляць Твае цуды, Пане”. Але гэтыя словы з кнігі Быцця, прачытаныя з вялікай павагай, былі выразам іх геніяльнасці і веры”, - прызнаўся езуіт.
Каляднай раніцай астранаўты ўключылі рухавікі касмічнага карабля, кіруючы яго ў напрамку Зямлі. Яны з’елі святочны абед, які прадугледжваў, між іншым, фаршыраваную індычку, і адчынілі бутэльку брэндзі. Праз некалькі дзён яны шчасліва прызямліліся ў Ціхім акіяне.
Азіраючыся на 50 гадоў назад, ватыканскі навуковец нагадаў, што чытанне Бібліі ў космасе было сустрэта рэзкай крытыкай з боку некалькіх вядомых атэістаў з-за “прапаганды рэлігіі за дзяржаўныя грошы”. Яны нават падалі пазоў супраць НАСА, які быў адхілены Вярхоўным судом ЗША. “Цяпер існуе больш шырокае прыняцце веры, дакладней, розных перакананняў, якіх прытрымліваюцца людзі. Вызнанне веры з’яўляецца таксама запрашэннем іншых да падобнага вызнання. Гэта ўзбагачае кожнага”, - сказаў дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі.