Ватыканскія музеі: змены ў правілах наведвання
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ватыканскія музеі абвясцілі аб падаўжэнні штодзённага часу адкрыцця: наведаць іх можна будзе з 8:00 да 19:00. Апошнія наведвальнікі змогуць увайсці ў музеі ў 17:00, за дзве гадзіны да закрыцця.
У турыстычны сезон, пачынаючы з сакавіка, па пятніцах, суботах і некаторых іншых днях музеі застануцца адчыненымі да 20:00, апошні ўваход - у 18:00.
Акрамя таго, уводзіцца абмежаванне на памер груп: кожны экскурсавод, акрэдытаваны пры Ватыканскіх музеях, зможа правесці групу, якая налічвае не больш за 20 наведвальнікаў.
Новая сістэма продажу білетаў, натхнёная прынцыпамі празрыстасці і эфектыўнасці, дазволіць пазбегнуць перапродажу білетаў пасрэднікамі і гарантаваць усім жадаючым магчымасць палюбавацца ватыканскімі калекцыямі. Уваходныя білеты стануць імяннымі, а наведвальнікам будзе прапанавана прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2024 года кошт поўнага білета ў Ватыканскія музеі павялічыцца да 20 еўра.
Унесеныя змены з'яўляюцца часткай больш шырокай і агульнай рэарганізацыі парадку наведвання музеяў турыстамі і пілігрымамі, накіраванай на тое, каб эфектыўна спалучаць неабходнасць захавання мастацкіх твораў з інтарэсамі наведвальнікаў, - паведамляецца на сайце Ватыканскіх музеяў.