Журы Прэміі Заіда на аўдыенцыі ў Папы Журы Прэміі Заіда на аўдыенцыі ў Папы  (Vatican Media)

Журы Прэміі Заіда: шукаем канкрэтныя прыклады братэрства

18 снежня 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў журы Прэміі Заіда – узнагароды, якая будзе ўручацца ўжо ў пяты раз за ўклад у спрыянне агульначалавечаму развіццю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Кандыдатаў вельмі шмат і ёсць мноства ініцыятыў, цудоўных акцый, якія праводзяцца па ўсім свеце, каб узняць чалавецтва з хвароб, беднасці, прыніжэння праз гандль людзьмі”, - падкрэсліў у каментары для Vatican News кардынал Леанарда Сандры, папскі дыпламат з вялікім досведам і былы прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Іерарх уваходзіць у склад камісіі, якая сёлета абярэ пераможцаў Прэміі Заіда. Яе ўручэнне адбудзецца 4 лютага 2024 года – у пятую гадавіну падпісання Папам Францішак і шэйхам Ахмедам Аль Таебам, імамам каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар, Дэкларацыі аб агульначалавечым братэрстве. Члены журы сабраліся ў Ватыкане, каб абмеркаваць кандыдатаў на атрыманне ўзнагароды, колькасць якіх павялічылася з сарака ў 2019 годзе да больш чым ста сёлета.

Кардынал Сандры заўважыў, што камісія атрымлівае інфармацыю пра вынікі працы шматлікіх ініцыятыў на карысць агульначалавечага братэрства, якія рэалізуюцца ў розных частках свету. “Тое, чаго мы хочам, прынамсі я асабіста, гэта знайсці сярод іх прыклады канкрэтнага жыцця, каб сказаць новым пакаленням: “Паглядзіце, калі хочаце, каб ваша жыццё было напоўнена сэнсам, каб не было пустым, пазбаўленым надзеі, тады шлях да наследавання – гэта шлях вось гэтых людзей і арганізацый, якія робяць такія вялікія справы для чалавецтва”, - сцвердзіў іерарх.

Каментуючы аўдыенцыю ў Святога Айца, кардынал адзначыў, што Папа падкрэсліў важнасць Дэкларацыі аб братэрстве, якая ўказвае на шлях дыялогу для дасягнення міру і будавання лепшага свету. Пантыфік таксама звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць адукацыі і навучання моладзі каштоўнасцям дыялогу і братэрства ў штодзённым жыцці, бо без гэтага чалавецтва не будзе мець будучыні, а працягне трываць у войнах і падзелах.
 

19 снежня 2023, 12:38