Арцыбіскуп Фізікела: Год малітвы дапаможа ўмацаваць адносіны з Панам
Марыя Валодзіна - Vatican News
У мінулую нядзелю 21 студзеня 2024 года пасля малітвы Анёл Панскі Францішак афіцыйна абвясціў Год малітвы, які павінен дапамагчы падрыхтавацца да Юбілею 2025 года.
Па словах арцыбіскупа Рына Фізікела, Год малітвы - гэта не год, напоўнены асаблівымі ініцыятывамі, а хутчэй, прывілеяваны час, каб зноў адкрыць каштоўнасць штодзённай малітвы ў хрысціянскім жыцці. У эпоху лічбавай культуры існуе глыбокая патрэба ў духоўнасці.
Чакаецца, што Год малітвы дапаможа кожнаму чалавеку ўмацаваць адносіны з Панам і прапануе моманты сапраўднага духоўнага адпачынку ад паўсядзённага стрэсу, калі малітва стане асновай хрысціянскага жыцця веры, надзеі і міласэрнасці.
Арцыбіскуп Фізікела прадставіў некаторыя інструменты і дапаможнікі, распрацаваныя Дыкастэрыяй па справах евангелізацыі, для чытання і разважання. Хрысціянскім супольнасцям і асобным вернікам прапануецца выкарыстоўваць іх у наступныя месяцы, каб лепш зразумець каштоўнасць малітвы.
Па-першае, у набор інструментаў увайшлі 38 катэхез, прамоўленых Францішкам з 6 мая 2020 года па 16 чэрвеня 2021 года. У гэтых катэхезах Папа разважаў над рознымі аспектамі малітвы.
Акрамя таго, выйдзе ў свет серыя кніг, якая складаецца з васьмі тамоў, пад агульнай назвай "Нататкі аб малітве".
Разам з гэтымі інструментамі вернікам прапануюць дапаможнікі, прысвечаныя малітве ў супольнасці, у сям'і, у храме, для моладзі, святароў, кляўзуровых манахінь.
Акрамя таго, Францішак на працягу года правядзе шэраг сустрэч у школе малітвы, у якой ён сустрэнецца з рознымі групамі людзей, каб разам маліцца і лепш разумець розныя формы малітвы: ад малітвы падзякі да заступніцкай малітвы, ад сузіральнай да суцяшальнай малітвы, ад малітвы адарацыі да малітвы-просьбы.